За "палітыку" пасадзілі каардынатара пошукавага атрада "Анёл"

Максім Федаровіч

Максім Федаровіч / instagram.com/fedorovich_91

У Мінскім абласным судзе вынеслі прысуд 34‑гадоваму маладзечанцу Максіму Федаровічу. Мужчыну вінавацілі ў "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці", піша "Наша Ніва". Пад гэтае азначэнне часцей за ўсё трапляюць кантакты з "забароненымі" паблікамі і арганізацыямі.

Мужчыну прысудзілі ці калонію, ці хімію з накіраваннем. Тэрмін пакарання невядомы.

Максім Федаровіч — каардынатар пошукавага атраду "Анёл". Раней ён працаваў тэхнолагам на "Мінск-Крышталі", але ў 2019 годзе далучыўся да пашукавікоў. Гэта адбылося пасля маштабных пошукаў малалетняга Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. Тады з Маладзечна прыехалі на пошукі хлопчыка тры машыны, 14 чалавек.

"У мяне занятак усяго жыцця — гэта пошукі зніклых людзей. Яны займаюць амаль увесь мой вольны час. Мне, як і многім, даводзіцца ахвяраваць зносінамі з сябрамі, сям'ёй дзеля выратавання людзей", — прызнаваўся Максім.

У пошукавым руху ён быў каардынатарам, адказным за захад і поўнач Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.