За падтрымку пратэстоўцаў спачатку пазбавілі правоў, але потым перадумалі

Пратэсты ў Гомелі / svaboda.org​
Пратэсты ў Гомелі / svaboda.org​

Вярнуць правы кіроўцы ўдалося жыхару Гомеля Віктару Прусу. Правоў на 6 месяцаў яго пазбавілі за тое, што ён падтрымаў гукавым сігналам пратэстоўцаў. Прычым падчас разбіральніцтва ў ДАІ ён адсутнічаў — адбываў адміністрацыйны арышт за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі, паведамляе "Гомельская вясна".

Калі Віктар выйшаў, ён абскардзіў рашэнне ДАІ ў судзе. Дапамог яму праваабаронца Леанід Судаленка. Праваабаронца настойваў на тым, што пазбаўляць правоў за падачу гукавога сігналу можна толькі ў выпадку, калі была створаная аварыйная сітуацыя. Прыкмет аварыйнай сітуацыі суд не знайшоў і замяніў пакаранне Прусу: штраф у дзве базавыя велічыні. Правы яму вярнулі.

"Мы задаволеныя вынікам справы. Больш за тое, створаны свайго роду прэтэндэнт і для іншых кіроўцаў, якія трапілі ў падобную сітуацыю", — кажа Судаленка.  

Толькі ў Гомелі, паводле яго слоў, як мінімум каля 10 кіроўцаў засталося без правоў пасля таго, як падтрымалі пратэстоўцаў гукавым сігналам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.