За падсечку міліцыянту віцябляніна Яфрэменку асудзілі на 4,5 года калоніі

Суд Першамайскага раёна Віцебска 9 снежня асудзіў Алега Яфрэменку на 4,5 года калоніі агульнага рэжыму. Суддзя Наталля Карабліна прызнала 39-гадовага віцябляніна вінаватым у злачынстве паводле артыкула 364 КК ("Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў").
Час знаходжання пад вартай ад 16 верасня залічаны Яфрэменку ў тэрмін адбывання пакарання.
Таксама віцяблянін павінен заплаціць пацярпеламу міліцыянту 1000 рублёў кампенсацыі за маральную шкоду.
У Віцебску гэта трэці судд супраць удзельнікаў пратэставых акцыяў па артыкулах 364 і 366 Крымінальнага кодэксу (ужыванне гвалту да супрацоўнікаў МУС і службовых асобаў). Прысуд Яфрэменку на сёння самы жорсткі.
13 верасня падчас вулічнай акцыі Яфрэменка зрабіў падсечку міліцыянту, той паваліўся і падрапаў далоні. У сваім апошнім слове віцяблянін папрасіў прабачэня ў пацярпелага, а таксама ў сваёй жонкі, якая засталася адна з малым сынам.
Сябар Яфрэменкі, які прысутнічаў на апошнім пасяджэнні, у каментары сайту "Віцебская Вясна" назваў прысуд неадэкватна суровым: "Пацярпелы міліцыянт — малады чалавек без грамадзянскай пазіцыі. Калі выносіўся прысуд і бацьку разлучалі з сынам на чатыры з паловай гады — на ягоных вуснах была ўхмылка. На жаль, такі ў нас тыповы вобраз сучаснага супрацоўніка МУС".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.