За нядзелю 42 штрафы — дачнікаў пад Гомелем пазбавілі адпачынку ля сажалкі
Сажалка каля вёскі Цыкуны / sozhnews.by
На лецішчах у вёсцы Цыкуны Гомельскага раёна ўзнік канфлікт вакол сажалкі. Мясцовым жыхарам забаранілі там купацца. Афіцыйная версія — небяспечна, у канцы чэрвеня там патануў чалавек, а 14 жніўня на беразе ўсталявалі шыльды аб забароне купання. Але людзі, нягледзячы на забарону, працягвалі купацца. У мінулую нядзелю за несанкцыянаванае плаванне аштрафавалі 42 чалавекі, піша "Флагшток".
Высветлілася, што міліцыю на купальшчыкаў выклікала дачніца Валянціна Гусева. Яна кажа, не хоча, каб "у месцы, дзе ў яе лецішча, хавалі тапельцаў".
"Таму прыняла рашэнне: еду — нехта ў вадзе, выклікаю ўчастковага", — заявіла жанчына. Рэсурс высветліў, што жанчына з'яўляецца сястрой Віктара Крата, аднаго з заснавальнікаў прыватнага прадпрыемства ТАА "Грынплейс". Гэта прадпрыемства ўзяло сажалку ў арэнду і ўсяляк падтрымлівае забарону на купанне.
На нядаўняй сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў і арандатарам вадаёма дзясяткі дачнікаў выстраіліся ўздоўж берага сажалкі і скандавалі: "Не арэндзе!" Мясцовыя выступаюць супраць абмежаванняў, якія з'явіліся пасля арэнды вадаёма, яны сабралі ўжо каля 600 подпісаў.
Праблемы пачаліся яшчэ ў 2021 годзе. Але тады мясцовыя жыхары адстаялі вадаём ад забудовы. Зараз жа "Грынплейс" ужо пачаў работы па зачыстцы берагавой лініі. Сажалку плануюць прыстасаваць для аказання платных паслуг "рэкрэацыйнага рыбаводства".