Пасля даносу ў Гродне часова зачыніўся папулярны квіз

Квіз "Vsпомнить VSё"

Квіз "Vsпомнить VSё" / фота са старонкі квіза ў Інстаграме

У Гродне з канца кастрычніка перастаў праходзіць квіз "Vsпомнить VSё".

Квіз карыстаўся папулярнасцю ў горадзе. Як піша hrodna.life, на іх гульні прыходзяць па 50 камандаў, а слоты на рэгістрацыю разлятаюцца за хвіліну.

Арганізатары кажуць, што квіз часова прыпынілі пасля даносу.

"На нас напісалі данос пра тое, што мы на квіз не прапусцілі чалавека з дзяржаўным сцягам і што на нашых гульнях вядучы ў мікрафон дрэнна выказваецца пра краіну, улады і г.д. Вядома, усе вы ведаеце, ніколі такіх выпадкаў не было. І пайшло-паехала. Вельмі непрыстойны прыём... Але мы вернемся. Абавязкова", — напісалі арганізатары ў сацсетках.

Квіз "Vsпомнить VSё" з'явіўся ў Гродне ў 2019 годзе. З часам ён пачаў праходзіць у адной з самых вялікіх залаў горада — моладзевым цэнтры "Гродна". Пазней гульні пад гэтым жа брэндам з'явіліся і ў іншых гарадах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.