Не паспелі схадзіць у адпачынак? Можна ўзяць грашыма. Вось, як гэта зрабіць

Грошы / Euroradio
Лета заканчваецца, і некаторыя беларусы зразумелі, што ў адпачынку яны так і не пабывалі. Але ў некаторых выпадках замест належнага адпачынку можна атрымаць грашовую кампенсацыю, кажа выданню "Беларускі час" прафсаюзная юрыстка Марына Змітровіч.
Такі варыянт магчымы, калі на яго згодныя абодва бакі: і працаўнік, і наймальнік. Але пры ўмове, калі за год вы выкарыстоўвалі хоць бы 21 каляндарны дзень адпачынку. Гэта значыць, тры тыдні на год вам прыйдзецца адпачыць у любым выпадку.
Бываюць выпадкі, калі працадаўца адклікае супрацоўніка з адпачынку па сваёй ініцыятыве. У такім выпадку за тыя, што засталіся, дні вы таксама можаце атрымаць грашовую кампенсацыю. Але пры ўмове, што адпачылі хоць бы 14 дзён за год.
Можна забраць адпачынак грашыма і ў выпадку звальнення, калі выкарыставаць належныя дні адпачынку вы не паспелі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.