За мінулы год колькасць працоўных мігрантаў у Беларусі вырасла амаль утрая

Працаўнік, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
Амаль утрая вырасла колькасць працоўных мігрантаў у Беларусі за 2024 год. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення знешняй працоўнай міграцыі, бежанцаў і прытулку Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Уладзімір Маргевіч.
Прычынай такога росту стала змена міграцыйнага заканадаўства. Дзякуючы гэтаму з першага паўгоддзя 2023 года патокі працоўнай міграцыі пачалі павялічвацца.
"Калі браць, дапусцім, 2024 год — гэтая лічба павялічылася ў 2,8 раза. Гэта значыць, калі было 13 тысяч працоўных мігрантаў... Яна павялічылася да 34 тысяч", — паведаміў падрабязнасці Маргевіч.
Увага да працоўных мігрантаў рэзка вырасла пасля заявы Лукашэнкі, што ён гатовы прыцягнуць у Беларусь да 150 тысяч мігрантаў з Пакістана.
Дарэчы, цяпер у Беларусі зарэгістравана 208 тысяч вакансій, і іх лік працягвае павялічвацца. Праўда, больш чым у палове выпадкаў патэнцыйнаму працаўніку абяцаюць заробак менш за 1500 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.