Праваабаронца пра рэакцыю на мігрантаў: беларусы гнабяць і адзін аднаго

"Кропка кіпення праявілася вось такім чынам"

"Кропка кіпення праявілася вось такім чынам" / euroradio.fm

Планы ўладаў прыцягнуць на рынак працы 100–150 тысяч пакістанцаў выклікалі моцную хвалю рэакцый у грамадстве — ад абурэння ў сацсетках да публічнага выдварэння замежнікаў пасля бойкі ў Гомелі.

Праваабаронца Эніра Браніцкая з Human Constanta адзначае, што такая рэакцыя — вынік шматгадовай дзяржаўнай палітыкі:

— Такая рэакцыя грамадства для мяне звязаная з тым, што, асабліва пасля 2020 года прапаганда вучыць людзей ненавідзець, вучыць не прымаць другіх, — адзначае праваабаронца у размове з “Салідарнасцю". — Кропка кіпення праявілася вось такім чынам: мы і так ні на што не маем уплыву, а зараз дзяржава вырашыла яшчэ і мігрантаў прывезці, замяніць імі нас, таму мы цалкам можам дазволіць сабе іх ненавідзець…

Браніцкае дадае, у беларускай дзяржаве няма ніякіх заняткаў у школе па талерантнасці, шмат год ужо няма заняткаў па правах чалавека. “Беларусы гнабяць і адзін аднаго, а калі пытанне датычыцца далёкіх замежнікаў — гэта тым больш праяўляецца”.

— І зразумела, што ёсць нейкі страх, бо Беларусь — даволі гамагенная дзяржава. Хоць на 9 мільёнаў 60 тысяч замежнікаў, большасць з былых савецкіх рэспублік — гэта няшмат насамрэч, але мы не ведаем іншыя культуры, шмат людзей наогул ніколі не былі за мяжой. Гэта ўсё адбіваецца на ўспрыманні, бо невядомае заўжды палохае.

А дзяржава, замест таго, каб размаўляць пра інтэграцыю, інклюзію і гэтак далей, вырашае праблемы звыклымі сілавымі метадамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.