Падчас вучэнняў "Захад" зменшылася незаконная міграцыя ў Літву

Рустамас Любаевас

Рустамас Любаевас / LRT

Сітуацыя на літоўскай мяжы падчас расійска-беларускіх вучэнняў "Захад-2025" застаецца спакойнай, а патокі незаконнай міграцыі нават скараціліся. пра гэта заявіў кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) Рустамас Любаевас.

"Магу сказаць, што першыя выходныя актыўнай фазы вучэнняў "Захад" на мяжы прайшлі досыць спакойна як з пункту гледжання незаконнай міграцыі, так і ў плане розных іншых інцыдэнтаў ля дзяржаўнай мяжы. Памежнікі за выходныя не зафіксавалі якой-небудзь павышанай актыўнасці каля мяжы з Беларуссю і Расіяй", перадае LRT яго словы.

Любаевас дадаў, што перад пачаткам актыўнай фазы вучэнняў у сярэдзіне мінулага тыдня колькасць спробаў незаконнага перасячэння мяжы вырасла.

Актыўная фаза вучэнняў "Захад-2025" праходзіць з 12 па 16 верасня. Польшча на час гэтых вучэнняў цалкам закрыла мяжу з Беларуссю, Літва ўмацніла ахову і кантроль.

У самой Літве напярэдадні пачаліся вайсковыя вучэнні "Пяркуна граўсмас" ("Гром Пяркунаса"), у якіх удзельнічаюць каля 17 тысяч літоўскіх і саюзных вайскоўцаў. Галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі Літвы Раймундас Вайкшнарас паведаміў, што падчас вучэнняў "Захад" у краінах Балтыі і Польшчы будуць трэніравацца каля 40 тысяч вайскоўцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.