Літва бачыць магчымасць правакацый на мяжы падчас вучэнняў "Захад-2025"

На беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларуска-літоўскай мяжы, ілюстрацыйнае фота / LRT

Літва бачыць магчымасць правакацый на мяжы падчас беларуска-расійскіх вайсковых вучэнняў "Захад-2025". Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным адказе МУС Літвы, які атрымала Еўрарадыё ў адказ на свой запыт.  

"Падчас вучэнняў "Захад-2025" мы бачым магчымасць парушэнняў мяжы і правакацый супраць Літвы на яе знешняй мяжы. У гэтым выпадку хуткае рэагаванне на рознага кшталту інцыдэнты будзе забяспечана за кошт выкарыстання як узмоцненых сіл, так і дадатковага тэхнічнага памежнага кантролю, крыміналістычнай разведкі ды іншых мер, а таксама наяўнай інфраструктуры", — гаворыцца ў лісце за подпісам Андруса Ярацкаса, прадстаўніка Дзяржаўнай памежнай службы пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы.

Таксама літоўскія памежнікі паведамляюць, што падчас вучэнняў у Беларусі яны ўзмацняюць абарону сваёй мяжы і павышаюць узровень кантролю.

"Будзе яшчэ больш актыўнае назіранне за мяжой, патруляванне ды іншыя кантрольныя мерапрыемствы будуць ажыццяўляцца не толькі Дзяржаўнай памежнай службай, але і з дапамогай структур нацыянальнай сістэмы абароны", — адзначае Андрус Ярацкас.

Акрамя таго на працягу сёлетніх вучэнняў літоўскія памежнікі будуць весці дадатковы абмен інфармацыяй і каардынацыю дзеянняў як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.