У аўторак мігранты ў Беларусі ўпершыню здадуць тэст на веданне дзяржаўнай мовы

Тэст, ілюстрацыйнае фота

Тэст, ілюстрацыйнае фота / sb.by

30 верасня ўпершыню ў Беларусі 200 мігрантаў, якія прэтэндуюць на працу ў нашай краіне, будуць здаваць іспыты на веданне дзяржаўнай мовы. Большасць з прэтэндэнтаў складаюць грамадзяне Узбекістана, Туркменістана і "іншых краін постсавецкай прасторы", кажуць у Мінадукацыі.

Як паведамлялася раней, гэта будзе пісьмовае тэставанне. У дзяржаўных СМІ адзначаюць, што за паўгадзіны неабходна будзе адказаць на 20 пытанняў, у 17 з іх — выбраць сярод прапанаваных варыянтаў адказу.

У Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская. Аднак міністр адукацыі Андрэй Іванец, які каментаваў падзею, згадваў толькі рускую.

Паспяховым будзе лічыцца тэст, у якім дадзеныя правільныя адказы не менш як на палову пытанняў. У выпадку правалу працоўную дамову з мігрантам заключаць забаронена. Аднак пераздаваць іспыт можна неабмежаваную колькасць разоў.

Здаваць іспыт абавязаныя прадстаўнікі 11 прафесій, якія прадугледжваюць "кантакт з насельніцтвам" — кіроўцы, афіцыянты, прадаўцы, медработнікі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.