Веданне дзяржаўнай мовы ў мігрантаў будуць правяраць праз тэсты

Працоўных мігрантаў прымусяць здаваць тэсты на веданне мовы / pixabay.com
Савет міністраў зацвердзіў Палажэнне аб парадку ацэнкі ведаў работнікамі-мігрантамі адной з дзяржаўных моў Беларусі. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасля апублікавання.
Веданне рускай ці беларускай у працоўных мігрантаў будуць ацэньваць тэстамі. Спіс пытанняў для кіроўцы і доктара можа быць аднолькавым.
Тэсты будуць праходзіць двойчы на месяц, а для праходжання іспыту дастаткова правільна адказаць на палову пытанняў — незалежна ад прафесіі чалавека і, адпаведна, узроўню мовы, які варта было б мець.
Тэставанне будзе займаць 30 хвілін.
У спіс прафесій, для якіх абавязкова валоданне адной з дзяржаўных моваў уключаныя наступныя спецыяльнасці:
кіроўца аўтамабіля;
афіцыянт;
цырульнік;
прадавец;
санітар/ка;
адміністратар;
акушэрка/ акушэр;
лекар-спецыяліст;
медсястра і медбрат;
памочнік лекара па амбулаторна-паліклінічнай дапамозе;
фельчар.
Хто будзе ацэньваць тэсты пакуль не вельмі зразумела — у пастанове пішуць пра "пункт ацэнкі ведаў". Гэта можа быць як школа ці ўніверсітэт, так і РІКВ, які правярае ЦТ і ЦЭ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.