Алесь Бяляцкі перанёс за кратамі аперацыю

Алесь Бяляцкі на судзе

Алесь Бяляцкі на судзе

25 верасня палітвязню, Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму спаўняецца 63 гады. Пяты раз запар ён сустракае дзень народзінаў за кратамі.

Летам, як паведамляе Радыё Свабода, Бяляцкага вазілі на аперацыю ў турэмны шпіталь у Калядзічах пад Мінскам. Вядома, што аперацыя была на нагах, але якая менавіта — дакладна невядома.

"І нібыта аперацыя прайшла нармальна, інакш бы яго не вярталі ў калонію гэтак хутка. А яго вярнулі, ён зноў у атрадзе. Але ці зноў працуе Алесь на дрэваапрацоўцы, ці дзе ў іншым месцы, невядома", цытуе Свабода словы сваёй крыніцы.

Праваабаронца Алесь Бяляцкі быў арыштаваны ў ліпені 2021-га і асуджаны на 10 гадоў. Пакаранне ён адбывае ў калоніі №9 у Горках Магілёўскай вобласці.

Паводле Свабоды, лістоў ад Бяляцкага няма са снежня 2024 года, а апошнюю паштоўку ад яго атрымалі ў канцы года. У ёй палітвязень напісаў: "У мяне ўсё нармальна, не хвалюйцеся".

Таксама паведамляецца, што сёлета Бяляцкаму ўдалося перадаць прадуктовую перадачу. Папярэднія два гады ён быў пазбаўлены такога права.

У дзень нараджэння Бяляцкага акцыі ў яго падтрымку запланаваныя ў Вільні (Літва), Стакгольме (Швецыя), Цюрыху (Швейцарыя), Варшаве (Польшча).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.