За крадзеж рацыі ў сілавіка брастаўчаніну прызначылі 2 гады "хатняй хіміі"

АМАП / Еўрарадыё
АМАП / Еўрарадыё

Суд прызнаў 34-гадовага брастаўчаніна Дзмітрыя Шчурко вінаватым у крадзяжы міліцэйскай рацыі і прызначыў яму 2 гады "хатняй хіміі".

Інцыдэнт адбыўся падчас акцыі пратэсту 20 верасня. Паводле версіі абвінавачвання, Шчурко скарыстаўся тым, што сілавікі адцягнуліся на пратэстоўцаў, і выцягнуў рацыю з падсумка бронекамізэлькі аднаго з міліцыянтаў. Абсталяванне ён занёс дадому. УУС ацаніла шкоду ў 890 рублёў.

Аднак Дзмітрый з гэтай версіяй не згодны. Паводле яго слоў, сілавікі падбеглі да яго, сказалі легчы на зямлю і паспрабавалі скруціць. Пасля яму ўдалося вызваліцца, і на плітцы ён убачыў рацыю. У радыёстанцыю ён сказаў: "У мяне ваша рацыя". Але адказу не было, брастаўчанін пайшоў дадому. Ужо на наступны дзень яго выклікалі ў міліцыю і адправілі ў ІЧУ Ленінскага РАУС. Шчурко запэўнівае, што красці рацыю не збіраўся, а падабраў для таго, каб выкарыстоўваць як доказ злачынстваў невядомых, якія затрымлівалі мірных пратэстоўцаў.

Раней брастаўчанін да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Ён выхоўвае дваіх дзяцей: двух і васьмі гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.