За кантрабанду беларускіх цыгарэт у Польшчы будуць судзіць 38 чалавек
Кантрабанда беларускіх цыгарэт у Польшчу / Strazgraniczna.pl
Польская пракуратура накіравала ў акруговы суд Любліна справу аб кантрабандзе беларускіх цыгарэт. Па справе праходзяць 38 чалавек, якія прадстаўлялі чатыры арганізаваныя злачынныя групоўкі, піша MOST.
За два гады яны нелегальна завезлі ў Польшчу прадукцыю амаль на 12 мільёнаў злотых. Паводле падлікаў праваахоўнікаў, дзяржбюджэт праз гэта недаатрымаў амаль 40 мільёнаў злотых.
Кантрабанду везлі чыгункай праз тэрмінал у Тэрэспалі. Звычайна цыгарэты хавалі ў кантэйнерах ці ў паўвагонах, у якіх возяць лес і дранку. Загрузкай займаліся беларусы, якія потым перадавалі саўдзельнікам у Польшчы нумары вагонаў, дзе схаваны груз. Тыя дамаўляліся аб разгрузцы вагонаў у перагрузачных тэрміналах і вывозілі цыгарэты аўтамабілямі, а потым дастаўлялі пакупнікам на тэрыторыі Польшчы.
Грошы беларускім памагатым перадавалі гатоўкай праз дальнабойнікаў і машыністаў.
Следства заяўляе, што з 3 ліпеня 2019 года па 14 кастрычніка 2021 года гэтыя злачынныя групоўкі завезлі ў Польшчу амаль 1,7 мільёна пачкаў цыгарэт коштам 11,7 мільёна злотых.
Грошы, заробленыя на кантрабандзе, ішлі на куплю нерухомасці і люксавых аўтамабіляў. У абвінавачаных арыштавалі маёмасць на суму больш як 10,7 мільёна злотых.
Падчас ператрусаў у падазраваных выявілі не толькі кантрабандныя цыгарэты, але і 154 літры алкаголю без польскіх акцызных марак, больш за 7 кілаграмаў наркатычных рэчываў коштам амаль 400 тысяч злотых, а таксама газавы пісталет і два аўтамабілі са змененымі нумарамі VIN.
Большая частка абвінавачаных прызнала віну. 24 чалавекі пагадзіліся добраахвотна адбыць пакаранне. 10 фігурантаў справы узятыя пад варту.