За беларускія нумары на расійскіх дарогах будуць штрафаваць
Федэральная мытная служба РФ мае намер закрыць "аўтамабільныя афшоры" на тэрыторыі Расіі.
ФМС падрыхтавала папраўкі ў Правілы дарожнага руху. Як толькі яны ўступяць у сілу, за беларускія, літоўскія і іншыя "чужыя" нумары на расійскіх дарогах будуць штрафаваць, піша "Комсомольская правда". Выключэнне — калі ва ўладальніка ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што аўто ўвезена часова.
Вестка пра папраўкі ў ПДР справакавала бум на расійскім аўтарынку. Аўтааматары ў прадчуванні новых правілаў выстаўляюць на продаж магутныя машыны з замежнымі нумарамі, прычым прапануюць іх ніжэй за рынкавы кошт. Прычына — штогадовы транспартны падатак.
Уладальнікам аўто з замежнымі нумарамі транспартны падатак папросту не прыходзіў. З новымі правіламі машыну давядзецца перарэгістраваць і плаціць падатак. За трох-пяцілітровае аўто "са статкам коней" пад капотам гэта дзесяткі тысяч рублёў штогод.
Такая ж сітуацыя з транзітнымі нумарамі. Штраф за "транзіты" вырас ад 100 да 3500 расійскіх рублёў (1 мільён беларускіх рублёў). Таму ад машын з магутнымі рухавікамі, што да гэтага часу катаюцца на транзітных нумарах, цяпер таксама спешна пазбаўляюцца.
На фота: Ferrari з беларускімі нумарамі — не такая ўжо і рэдкая машына на вуліцах Масквы.
Фота: avto-nomer.ru.