Памёр выканаўца хіта “Фантазёр” Яраслаў Еўдакімаў. Ён праславіўся ў Беларусі

Канцэрт Яраслава Еўдакімава ў 2014 годзе / creative commons
Памёр выканаўца хіта "Фантазёр" Яраслаў Еўдакімаў, паведаміла яго жонка Ірына Крапіўніцкая. Музыку было 78 гадоў.
"Дзякуй вам, дарагія гледачы і слухачы, за любоў да творчасці вялікага артыста, за ўвагу і апладысменты!" — напісала Крапіўніцкая.
Яраслаў Еўдакімаў нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Роўна недалёка ад мяжы з Беларуссю. Яго маці і бацьку рэпрэсавалі. Маці ён убачыў упершыню, калі яму было 9 гадоў, калі яна змагла вярнуцца са ссылкі ў родную Украіну. А пасля забрала сына з сабой у Нарыльск.
Там Еўдакімаў паступіў у музычнае вучылішча, займаўся ігрой на кантрабасе і спяваў. А праславіўся значна пазней, калі пераехаў за другой жонкай на яе радзіму — у Беларусь.
Еўдакімаў прайшоў праслухоўванне ў Мінскай філармоніі і стаў там салістам. Найбольшую вядомасць яму прынесла песня "Фантазёр", з якой спявак упершыню выступіў у 1989 годзе.
На прэзідэнцкіх выбарах 2001 года ў Беларусі Еўдакімаў падтрымаў апазіцыйных кандыдатаў, пасля чаго яму фактычна забаранілі працаваць у краіне. Давялося з’ехаць у Расію. Там у 2017 годзе Еўдакімаў абвінаваціў расійскія ўлады і Уладзіміра Пуціна ў развязванні вайны на паўднёвым ўсходзе Украіны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.