Пачаліся дэпартацыі затрыманых на канцэрце Каржа

Макс Корж

Макс Корж / vk.com/maxkorzh

Пачаліся дэпартацыі затрыманых пасля канцэрту Макса Каржа ў Варшаве. Першым вядомым выпадкам стала высылка 18-гадовай Ангеліны ва Украіну, піша польскае выданне Wyborcza.

Дзяўчыну затрымалі за тое, што яна скокнула з трыбуны на танцпол. Гэта трактавалі як хуліганства, і Ангеліне забаранілі ўезд у ЕС на 5 гадоў.

Украінке 18 гадоў, яна пераехала ў Польшчу ў лютым 2022 года адразу пасля таго, як Расія распачала сваё поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Жыла з бабуляй у Прушкове пад Варшавай, вучылася ў аспірантуры і працавала ў інтэрнэт-краме. У размове з польскімі журналістамі дзяўчына распавяла, што па яе з рашэннем пра дэпартацыю прыйшлі а шостай ранку і нават не дазволілі скласці рэчы. Наўпрост цяпер яна едзе ў цягніку ў Днепр, які некалькі тыдняў назад Расія абстраляла ракетамі.

Пасля канцэрта Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве былі затрыманыя 13 грамадзянаў Беларусі. Сямёра з іх арыштаваныя за крымінальныя злачынствы, яшчэ шасцёра — за дробныя парушэнні, расказалі Euroradio у Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

Усяго ў сувязі з канцэртам было затрымана 109 чалавек. Які лёс затрыманых беларусаў, пакуль невядома.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.