Беларускія фільмы пра паўнамаштабную вайну ва Украіне — распавядаем пра іх

Беларускае кіно, прысвечанае вайне ва Украіне / @rubanau_collage
Калі праз дзесяцігоддзі гісторыкі будуць вывучаць беларускае кіно пачатку 2020-х, то вельмі хутка прыйдуць да несуцяшальнай высновы — поўнамаштабная вайна ва Украіне вельмі слаба ў ім адлюстравалася. Пры тым, што і маштаб самой падзеі, і ўзровень яе ўздзеяння на лёс краіны і грамадства немагчыма пераацаніць. Ва ўсялякім разе, пакуль гэта злачынства не скончыцца.
Лічыце, што гэта нагода для расчаравання? Не спяшайцеся з далёка ідучымі высновамі, сітуацыя тлумачыцца літаральна двума словамі: дзяржаўная цэнзура і эміграцыя.
Разгар вайны выпаў на палітычны крызіс у краіне, дзе ўжо разгарнуліся рэпрэсіі, падтрыманыя Крамлём. Праз гэта ў самой Беларусі ствараць кіно пра Украіну стала немагчыма. Дзяржаўны сектар гэту тэму старанна ігнаруе, а для недзяржаўных кінематаграфістаў яна пагражае турэмным зняволеннем. У эміграцыі такіх абмежаванняў няма, але ёсць свае выклікі — адсутнасць сталага фінансавання. Праз што вайна “пасялілася” толькі ў дакументальных рэпартажах еўрапейскіх тэлеканалаў (“Белсат”, Сurrent Time, Arte і г.д.).

У гэтым моры простага і, буду шчырым, беднага на мастацкія прыёмы кантэнта, сустракаюцца свае пярліны — сапраўднае фестывальнае кіно, створанае для вялікага экрана. Такіх прац няшмат, усе яны зроблены за грошы іншых краін, але аб’ядноўвае іх беларуская ідэнтычнасць стваральнікаў-дакументалістаў: Андрэя Куцілы, Руслана Фядотава, Паўла Можара.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэтыя фільмы ў працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы.
“Святая вада” ("Holy water")
Мужчына ў пухавіку і з металашукальнікам у руках меланхалічна ідзе па беразе зімняга Дняпра. Ён, пэўна, шукае скарбы, якія ля рэчкі губляюць мінакі: моладзь, пажылыя людзі, дзеці. Шмат іх тут і цяпер — большасць людзей прыйшла акунуцца ў палонку, каб загартавацца ў халоднай вадзе і “адмыцца” ад грахоў. Тым больш, што на двары сярэдзіна студзеня 2022 года — свята Вадохрышча.
Але думкі наведвальнікаў яшчэ пакрытай ільдом ракі далёкія ад веры ці добрага надвор’я — іх трывожаць верагоднасць вайны з Расіяй, якая не так далёка на ўсю моц бразгае зброяй. Самыя страшныя жахі ажыццявяцца, да іх здзяйснення засталося крыху болей за месяц.
Звычайна журналісцкая адукацыя шкодзіць большасці дакументалістаў, якія спрабуюць уціснуць складаную рэчаіснасць у вузкі фармат тэлебачання з яго перабіўкамі, стэндапамі, закадравым тэкстам. Дакументалісту Андрэю Куцілу, які мае дыплом журфака БДУ, гэты вопыт не шкодзіць, а хутчэй дапамагае.
Яго павольная кінамова ненавязлівага назірання, складзеная з доўгіх кадраў, чорна-белай колеракарэкцыі, буйных планаў твараў людзей, падслуханых абрыўкаў іх размоў, арганічна ўплятаецца ў парадак навін. Адбываецца акт сапраўднага мастацтва, якое распавядае гледачу нашмат больш, чым гэта зрабіла б стужка навін інфармацыйнага выдання.
Да таго ж карціна з’яўляецца важным артэфактам хронікі перадваеннага жыцця. У паветры ўжо разліта прадчуванне непазбежнасці зла, але прывід надзеі на лепшае ўсё ж не пакідае людзей. Такую насычаную эмоцыямі і сэнсамі атмасферу Куціла падобным чынам фіксаваў і раней — у кароткаметражным фільме “Муры”. У ім мінчукі ў жніўні 2020-га ля сценаў ізалятара на Акрэсціна чакаюць вызвалення сваякоў, разважаючы што здарылася на вуліцах краіны адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў.
У “Святой вадзе” адточанасць знойдзенай формы аповеду і зместу выглядае ўжо блізкай да ідэалу. Гэта дазваляе напоўніцу пражыць усе 18 хвілін яшчэ мірнага жыцця кіяўлян, прасякнуцца эмпатыяй да іх трагічнай і натхняльнай будучыні.
Адзнака Еўрарадыё: 7 з 10
“Прэч” ("Away")
Адна з кранальных замалёвак жыцця ўкраінскіх дзяцей у эвакуацыі. 16-ці гадовы Андрэй пасля пачатку вайны пакінуў родны Харкаў і цяпер жыве ў Будапешце. Тут ён дапамагае праводзіць творчыя заняткі з украінскімі дзецьмі, а таксама рыхтуе свой уласны перформанс.
Сумесна з сяброўкай Алісай яны набываюць на мясцовай барахолцы лялькі механічных жаўнераў і прымушаюць іх поўзаць па карце Украіны, якая намалявана на адной з вуліц горада. Такое мастацтва падабаецца далёка не ўсім мінакам, сярод якіх трапляюцца і раздражнёныя венгерскія нацыяналісты.
Незалежнае беларускае кіно існуе па жорсткіх правілах выжывання. У ім маюць шанец адшукаць сябе людзі, гатовыя разлічваць толькі на ўласныя сілы ў стварэнні і прасоўванні сваёй творчасці. Дакументаліст з Магілёву Руслан Фядотаў, які атрымаў адукацыю ў Маскоўскай школе новага кіно, — яркі прадстаўнік гэтай плыні. Ён здольны працаваць над сваімі і чужымі праектамі ў розных амплуа: прадзюсара, аператара, рэжысёра. Руслан зарэкамендаваў сябе як аўтар вытанчаных і глыбокіх прац, гэта і гісторыя суполкі менанітаў у Мексіцы (“Саламанка”), і назіранне за наведвальнікамі маскоўскага метро (“Куды мы едзем?”).
На гэтым фоне яго апошняя рэжысёрская праца “Прэч” можа падацца негрунтоўнай і бессаромна кан’юнктурнай, тым больш, што яна з’явілася ў праграме фестываля IDFA праз паўгода пасля пачатку поўнамаштабнага ўторгнення.
Але гэта перадузяты погляд на аўтарскую працу. Фядотаў зрабіў кранальны і вельмі стрыманы партрэт закладнікаў геапалітычнай гульні Крамля — украінскіх дзяцей. У ім адсутнічае відавочная маніпуляцыя эмоцыямі, якую можна было чакаць. Камера Фядотава, які тут выступіў і ў якасці аператара, фіксуе ўедлівасць вайны, захапіўшай думкі і дашкалятаў, і падлеткаў. І не адпускае іх нават у бяспечнай і мірнай Венгрыі.
А яшчэ “Прэч” — гэта раман сталення ў няпростых умовах эміграцыі. Падлетак Андрэй сутыкаецца з роспаччу сваёй сяброўкі, ксенафобіяй замежнікаў, сумам бацькоў, якія засталіся на радзіме. Канешне, для адлюстравання глыбіні трансфармацыі характара трэба было значна больш часу, але як аператыўная рэакцыя на вялікую трагедыю фільм атрымаўся цалкам.
Адзнака Еўрарадыё: 6 з 10
“Непажаданае сваяцтва” ("Unwanted Kinship")
Непаўторнасць кінамовы — галоўны чыннік, які дазваляе адрозніваць аднаго рэжысёра ад іншага. Адны кінематаграфісты яе выпрацоўваюць гадамі, нават дзесяцігоддзямі, іншыя — ствараюць сваю “формулу” будавання аповеду ў самым пачатку творчай кар’еры.
Стужкі дакументаліста Паўла Можара — беларуса, які з дзяцінства жыве і працуе ў Германіі, — немагчыма параўнаць ні з чым іншым. Ён скрупулёзна аналізуе складаныя тэмы праз спалучэнне шматлікіх практык: аўдыёвізуальнага эсе, амаль што тэатральнага перформансу з удзелам запрошаных актораў, лялек, візуальных макетаў.
Менавіта так выглядала яго дэбютная праца “Метадычка”. У ёй Можар, літаральна не выходзячы за межы ўласнай берлінскай кватэры, распавёў пра канвеер рэпрэсій рэжыма Лукашэнкі. Пра яго схематычнасць, пачварнасць і эфектыўнасць.
У “Непажаданым сваяцтве”, якое выйшла праз тры гады — напачатку 2024 года, — беларус прэпарырыруе вайну ва Украіне, у якой замазалася і Беларусь праз палітыку Лукашэнкі. Але ў адрозненне ад дакладнай і бліскуча зробленай “Метадычкі”, новая праца апынулася не такой пераканаўчай.
Праблема ў тым, што аўтар заходзіць у прастору не заўсёды праўдзівых (але гучных!) сцвярджэнняў і нацягнутых высноваў. Напрыклад, у фільме гучаць сведчанні ўкраінцаў з захопленай тэрыторыі пра тое, што ў складзе акупацыйнай арміі Расіі на першым этапе агрэсіі былі беларускія вайсковыя. Вось толькі афіцыйныя крыніцы і незалежныя даследчыкі такога не пацвярджаюць, хоць пазней беларусы сапраўды запісваліся ваяваць па кантракту да Узброеных сілаў Расіі.
Узнікаюць пытанні і да разважання аўтара пра тое, што святкаванне мілітарысцкіх савецкіх святаў (23 лютага, 9 траўня) заклалі падмурак для здзейсненых вайсковых злачынстваў. Безумоўна, нічога добрага ў мэтанакіраванай ідэалагізацыі дзяцей няма, але антрапалагічны шлях пераўтварэння тыповага аматара Дня Перамогі адразу ў маньяка з Бучы выглядае не вельмі апраўданым.
Пры гэтым да антываеннага выказвання і крытычнай рэфлексіі рэжысёра пытанняў няма. “Непажаданае сваяцтва” выглядае бязлітасным напамінам, што ў катастрофе вайны не можа быць вінаватае выключна палітычнае кіраўніцтва краіны-агрэсара. Кожны сам нясе адказнасць перад сваім сумленнем — ці правільны выбар ён робіць у складанай сітуацыі. Бо няўхільная расплата абавязкова прыйдзе, яе з’яўленне — выключна пытанне часу.
Адзнака Еўрарадыё: 5 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.