Літва закрыла паветраную прастору ўздоўж мяжы з Беларуссю праз дроны

Беларуска-літоўская мяжа / LRT
Літва закрыла паветраную прастору ўздоўж участку мяжы з Беларуссю, паведамляе мясцовае інфармацыйнае агенцтва BNS са спасылкай на Міністэрства нацыянальнай абароны.
Сярод прычын — парушэнне паветранай прасторы Літвы беспілотнікамі. Гэта стварае рызыкі для грамадзянскай авіяцыі. Акрамя таго, закрыццё паветранай прасторы дазволіць літоўскім ваенным прымаць меры “у адказ на такія і аналагічныя парушэнні паветранай прасторы”.
Забарона на палёты самалётаў у частцы памежнай зоны будзе дзейнічаць да 1 кастрычніка. Магчыма, яе падоўжаць, калі пагроза ўварвання дронаў з боку Беларусі застанецца.
У канцы ліпеня дрон, падобны на расійскі беспілотнік “Гербера”, парушыў паветраную прастору Літвы і ўпаў на палігоне. Пошукі дрона працягваліся амаль тыдзень. На гэтым тыдні дрон упаў на тэрыторыі Польшчы. Яго паходжанне пакуль вызначаецца, але міністр абароны краіны ўжо назваў гэта правакацыяй Расіі. Польшча правярае ўдзел Беларусі ў гэтым здарэнні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.