У дроне, які прыляцеў у Літву з Беларусі, знайшлі 2 кг выбухоўкі

Знойдзены ў Літве дрон / Lietuvos kariuomenės
Беспілотнік, які на мінулым тыдні прыляцеў у Літву з Беларусі і ўпаў на палігоне пад Каўнасам, нёс выбуховае прыстасаванне.
"Пры аглядзе апарата было выяўлена, што ён нёс выбуховае прыстасаванне, якое літоўскія вайсковыя спецыялісты паспяхова абясшкодзілі на месцы", — перадае LRT словы генеральнага пракурора Літвы Ніды Грунскене.
Начальнік штаба Ваенна-паветраных сіл палкоўнік Дайнюс Пашкявічус заявіў, што ў дроне выяўлена 2 кілаграмы выбухоўкі. Ён дадаў, што дрон накшталт "Шахеда", які мае падобную канструкцыю і мадэль, можа несці да 50 кілаграмаў выбухоўкі.
Як паведамлялася раней, дрон прыляцеў у Літву зранку 28 ліпеня. Яго пошукі працягваліся амаль цэлы тыдзень і завяршыліся толькі 1 жніўня: беспілотнік знайшлі на палігоне ў Ёнаўскім раёне.
Вайскоўцы мяркуюць, што гэты дрон, як і папярэдні, былі расійскімі і накіроўваліся для атакі Украіны. У Літве яны апынуліся пасля таго, як украінскія сродкі радыёэлектроннай барацьбы змянілі траекторыі іх палёту.
Пасля выяўлення выбухоўкі ў дроне міністры абароны і замежных спраў Літвы звярнуліся ў NATO з просьбай размясціць у краіне сістэмы абароны ад беспілотнікаў.
"Мы будзем прасіць абмеркаваць магчымасць размяшчэння ў Літве пэўных дадатковых — хай нават эксперыментальных — тэхналогій і пратэставаць іх у рэальных зменлівых умовах", — заявіла міністарка абароны Давіле Шакалене.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.