"Ціхая разведка": беларускі добраахвотнік пра дрон, які заляцеў у Літву

Дрон, які ўпаў на літоўскім палігоне

Дрон, які ўпаў на літоўскім палігоне / rinkosaikste.lt

Беларускі добраахвотнік-аэраразведчык з пазыўным Крот апазнаў расійскі дрон "Герань" у абломках беспілотніка, які праляцеў над Літвой на мінулым тыдні.

"Адзінае пытанне — як ён туды трапіў. Праляцець праз усю Беларусь незаўважаным ён дакладна не мог, калі ляцеў з Расіі. У мяне дзве версіі: або беспілотнікі запускаюць з боку Калінінграда, каб весці выведвальныя місіі па тэрыторыі Еўропы. Або з боку самой Беларусі — і таксама з разведмісіямі", — тлумачыць аэраразведчык.

Латвійскія медыя пішуць, што дрон знайшлі на палігоне Гайжунай Ёнаўскага раёна. Ад мяжы з Беларуссю да гэтага палігона-каля 130 кіламетраў, ад Калінінграда — каля трохсот.

"Калі беспілотнік ляціць з ударнай або разведвальнай місіяй на тэрыторыі Украіны, яны (расейцы) не саромеюцца наносіць надпісы на дрон. А гэтыя абломкі "чыстыя", без надпісаў. Значыць, ціхая разведка", — мяркуе суразмоўца Еўрарадыё.

Даведацца, ці была мэтай палётаў разведка, можна, калі вывучыць астанкі. Перш Крот распавядаў Еўрарадыё, што выведвальны робат абсталёўваецца спецыяльным абсталяваннем для перадачы фота відэа ў рэжыме рэальнага часу.

 

Ляцелі не буслы і гудзеў не Карлсан

Раніцай 28 ліпеня беспілотнік зафіксавалі над тэрыторыяй Літвы. Ён кружыў над краінай нейкі час, а потым пацярпеў крушэнне. Вайскоўцы шукалі яго амаль тыдзень.

Пакуль незразумела, як менавіта Літва даведалася пра беспілотнік над сваёй тэрыторыяй. Медыя пішуць, што пра дрон уладам паведамілі мясцовыя жыхары, якія прачнуліся ад гучнага гуку. Але камандуючы арміяй Літвы запэўніў журналістаў, што вайскоўцы выявілі аб'ект загадзя, яшчэ на падлёце з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.