Чаго Пуцін хоча ад Украіны? Тры патрабаванні — Reuters

Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін / Getty Images

Стала вядома, чаго Уладзімір Пуцін хоча ад Украіны, піша Reuters са спасылкай на тры крыніцы, знаёмых з пазіцыяй Крамля.

Прэзідэнт РФ запатрабуе Кіеў адмовіцца ад усяго ўсходняга рэгіёну Данбаса і планаў уступлення ў NATO. Пры гэтым ён не згодны з тым, каб на тэрыторыю Украіны ў складзе міратворчых сіл увайшлі заходнія войскі.

У абмен Масква пагодзіцца замарозіць лінію фронту ў Запарожжы і на Херсоншчыне. Паводле ацэнак ЗША і дадзеных з адкрытых крыніц, Расея кантралюе каля 88% тэрыторыі Данбаса і 73% тэрыторыі Запарожжа і Херсона. Са слоў крыніц Reuters, Пуцін таксама гатовы перадаць невялікія падкантрольныя Расеі часткі Харкаўскай, Сумскай і Днепрапятроўскай абласцей Украіны.

Чым новыя ўмовы Пуціна адрозніваюцца ад тых, якія ён вылучаў у чэрвені 2024 года? Ён пайшоў на кампраміс па тэрытарыяльным патрабаванням. Тады Крэмль прэтэндаваў на 4 вобласці: Данецкую, Луганскую, Херсонскую і Запарожскую. Украіна тады адпрэчыла гэтыя патрабаванні.

Міністэрства замежных спраў Украіны пакуль не пракаментавала гэтыя прапановы. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі неаднаразова адпрэчваў ідэю вываду войскаў з украінскіх тэрыторый у рамках угоды. Ён заяўляў, што рэгіён Данбаса служыць крэпасцю, якая стрымлівае прасоўванне Расеі ўглыб Украіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.