За 10 дзён красавіка пасажыры ў метро чатыры разы "жартавалі" пра выбухоўку
Мінская міліцыя заяўляе, што ад пачатку года на работнікаў метрапалітэна абрынуўся літаральна шквал ілжывых паведамленняў пра небяспеку. Многія пасажыры бяздумна заяўляюць, быццам у іх у сумках знаходзіцца выбуховае прыстасаванне.
Напрыклад, у суботу, 8 красавіка, на станцы метро "Малінаўка" пра выбухоўку ў сваёй ручной паклажы заявіў 24-гадовы мінчук. 9 красавіка 28-гадовы маладзечанец заявіў тое самае інспектару службы бяспекі, калі знаходзіўся ў наглядальнай зоне станцыі метро "Няміга".
Толькі за першую дэкаду красавіка пасажыры метро чатыры разы выступалі з заведама ілжывымі паведамленнямі пра небяспеку.
Згодна з Крымінальным кодэксам, за гэта пагражае штраф, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да пяці гадоў.