З ЗША могуць да суда выслаць беларуску, арыштаваную за абыход санкцый

ЗША, ілюстрацыйнае фота

ЗША, ілюстрацыйнае фота

Беларуску па абвінавачванні ў кантрабандзе ў РФ экстрадавалі ў ЗША, але яшчэ да пачатку суда могуць дэпартаваць на радзіму. У выніку судовая справа можа проста разваліцца. 

Гаворка ідзе пра 33-гадовую грамадзянку Беларусі Яну Л., піша The Washington Post. Яе вінавацяць па дзесяці пунктах. Сярод абвінавачанняў фігуруе абыход санкцый — кантрабанда ў Расію авіяцыйнага абсталявання на суму больш як 2 млн долараў пасля лютага 2022 года. Абвінавачанне сцвярджае, што Л. з саўдзельнікамі куплялі ў ЗША гэтае абсталяванне і незаконна перапраўлялі ў Расію праз пасярэднікаў у Арменіі.

Пракуроры сказалі, што Яна Л. была менеджаркай па лагістыцы ў North-West Airlines — прыватнай авіякампаніі з офісам у Маскве. Адвакат заявіў, што яна "супрацоўніца ніжэйшага звяна", якая кантактавала з пастаўшчыкамі і атрымлівала толькі заробак за працу.

Арыштавалі беларуску ў верасні 2024 года ў Францыі. Год яна прабыла пад хатнім арыштам, пасля чаго яе нарэшце экстрадавалі ў турму ў ЗША. Але цяпер закончыўся яе дазвол на знаходжанне ў Штатах. Пасля гэтага супрацоўнікі Міністэрства ўнутранай бяспекі паведамілі, што плануюць пачаць працэдуру яе дэпартацыі. Памочнік пракурора просіць пакінуць яе ў краіне для суда.

Суддзя на слуханнях у Вашынгтоне назвала сітуацыю кафкіянскай. Паводле яе, жаданне дзяржслужбаў выканаць загад Трампа і павялічыць колькасць дэпартацый сее хаос у складаным міжнародным судовым працэсе. Вярнуць беларуску для суда пракурорам наўрад ці ўдасца, бо ў Беларусі няма пагаднення аб экстрадыцыі з ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.