“З пацанскімі замашкамі”: былы аднакурснік – пра агента-каханка Мельнікавай

Анжаліка Мельнікава і яе вялікае каханне 

Анжаліка Мельнікава і яе вялікае каханне  / The Insider

Патаемным каханкам зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай быў 32-гадовы Аляксей Лабееў, супрацоўнік беларускіх спецслужбаў. Ён карыстаўся пашпартам на імя Аляксея Гардзеева.

Лабееў-Гардзееў вучыўся на ваенным факультэце БДУ і яго сакурснік, з якім давялося паразмаўляць Еўрарадыё, быў вельмі здзіўлены з’яўленню даўняга знаёмага ў навінах.

“Бо я яго памятаю звычайным, простым чалавекам, і навіны пра гэтае здарэнне з Мельнікавай для мяне выглядаюць неяк сюррэалістычна”, – кажа нам экс-аднакурснік агента.

Ніякіх асаблівых успамінаў пра Лабеева не было – хлопец ніяк не выдзяляўся.

“Лабееў нічога такога не рабіў, памятаю яго ўсмешлівым і абсалютна звычайным, нічым асабліва не выбітным курсантам. З пацанскімі замашкамі, але яны там былі амаль ува ўсіх. Ён вучыўся на вайсковага псіхолага. Дарэчы я ўзгадаў куды ён быў размеркаваны – гэта група артылерыі 6-й брыгады ў Гародні. Я звольніўся з войску ў 2018-м годзе, і калі не памыляюся, на момант майго звальнення ён усё яшчэ быў там. Калі ён і патрапіў да спецслужбоўцаў, то дакладна не адразу”, – дадае суразмоўца.

“З пацанскімі замашкамі”: былы аднакурснік – пра агента-каханка Мельнікавай
Лабееў-Гардзееў з жонкай Марынай

Цікавы факт: па словах сакурсніка, Лабееў яшчэ ва ўніверсітэце часам выкарыстоўваў псеўданім “Гардзееў”, у тым ліку падпісваўся так у сацыяльных сетках.

З чым сакурснік Лабеева-Гардзеева не згодны, дык гэта з тэзай “Інсайдэра” пра тое, што з ваеннага факультэта часта ідуць у спецслужбы – “гэта не такая дэманічная структура”.

“Шмат навучэнцаў – гэта людзі з вёсак, райцэнтраў, бо яны разглядаюць вайсковую службу як надзейную опцыю для заробку. Большая частка па размеркаванні трапляе ў вайсковыя часткі на пасады па адпаведнай кваліфікацыі. Але ёсць і выключэнні – як правіла, гэта дзеці розных генералаў ці іншых сілавікоў вышэйшага звяна. Напрыклад, курсанты штогод праходзілі практыку (ад месяца да двух), часцей за ўсё ў вайсковых частках. Але вось спадар Міраслаў Церцель [сын кіраўніка КДБ Івана Церцеля. – Еўрарадыё] ездзіў на Кубу”, – кажа выпускнік факультэта.

“З пацанскімі замашкамі”: былы аднакурснік – пра агента-каханка Мельнікавай
Лабееў-Гардзееў на здымку з Русланам Касыгіным - тагачасным кіраўніком ГРУ

На адным са здымкаў Лабеева-Гардзеева ёсць тагачасны кіраўнік ГРУ Беларусі Руслан Касыгін. Але гэтаму факту суразмоўца шмат увагі не надаваў.

“Той доўгі час быў начальнікам штабу заходняга аператыўнага камандавання. Тое што яны на адным здымку – зусім не дзіва, хутчэй за ўсё якое-небудзь чарговае бессэнсоўнае афіцэрскае пасяджэнне ў Гародні, абодва яны там служылі”, – дадае суразмоўца.

Пра знікненне Анжалікі Мельнікавай яе калегі заявілі напрыканцы сакавіка 2025 года. Пазней стала вядома, што за месяц да таго яна вылецела ў Лондан, а адтуль у Шры-Ланку. Пасля гэтага выявілася, што перад знікненнем Мельнікава зняла (сама ці пад ціскам) каля 150 тысяч долараў з рахунку фонду, якім кіравала. У Польшчы праваахоўнікі пачалі крымінальную справу па факце яе знікнення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.