Z-актывістка скардзіцца, што міліцыянты дапыталі яе дачку

Эльвіра Мірсалімава

Эльвіра Мірсалімава / фота з яе старонкі ў Facebook

Пра ціск на сваю сям'ю заявіла віцебская Z-актывістка Эльвіра Мірсалімава. Чарговым аб'ектам ціску стала яе дачка. На гэта звярнуў увагу тг-канал "Віцебск, я гуляю!".

Паводле Мірсалімавай, міліцыянты дапыталі яе старэйшую дачку проста каля вагона цягніка, калі тая з'язджала. Дзяўчыне ўжо споўнілася 18 гадоў, яна паўналетняя. Але Мірсалімава дадала, што мінулым разам міліцыянты спрабавалі выйсці на яе яшчэ да паўналецця. Тады тэлефанаванні таксама супалі з ад'ездам дзяўчыны, і маці давялося ўмешвацца.

Як сцвярджае Z-актывістка, міліцыянты цікавяцца яе сям'ёй з прычыны яе роднай сястры-палітэмігранткі Крысціны, якая мае прабеларускія погляды. "Напэўна, проста прозвішча — нагода. Ці "цётка пад плінтусам хаваецца". Але мы сапраўды жывем у рэальнасці, дзе ўсе грамадзянскія актывісты і іх сем'і знаходзяцца ў пастаянным напружанні", — напісала прыхільніца "рускага свету".

Раней Мірсалімава абуралася, што звычайных людзей караюць па абвінавачанні ў "распаўсюдзе экстрэмізму", а чыноўнікі застаюцца недатыкальнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.