Прыхільніца рускага свету патрабуе караць чыноўнікаў за "распаўсюд экстрэмізму"

Эльвіра Мірсалімава

Эльвіра Мірсалімава / старонка ў Фэйсбуку

Віцебская прыхільніца "русскага свету" Эльвіра Мірсалімава патрабуе караць "недатыкальных асобаў" па абвінавачанні ў "распаўсюдзе экстрэмізму".

Раней у віцебскую міліцыю звярнуўся мясцовы актывіст Дзмітрый Карняенка, які заявіў, што супрацоўнікі МУС вельмі выбарачна прымяняюць ч. 2 арт. 19.11 КаАП, які вінаваціць у "распаўсюдзе экстрэмізму". Паводле яго, як пішуць праваабаронцы з "Віцебскай Вясны", паводле такіх абвінавачанняў пад суд ідуць шараговыя беларусы. А такія ж спасылкі сустракаюцца ў сацсетках "недатыкальных асобаў". У іх ліку ён назваў жонку старшыні аблвыканкама, кіраўніцу праўладнага пісьменніцкага саюзу, дырэктарку абласнога краязнаўчага музея...

Цяпер гэтую пазіцыю падтрымала і Мірсалімава, хаця і назвала Карняенку "даносчыкам".

"Я абсалютна не хачу, каб гэтыя вядомыя і ўплывовыя віцебскія людзі селі або былі аштрафаваныя, як я, мае аднадумцы ці простыя "рабацягі". Але, калі мы гаворым пра "дзяржаву ўнікальнай сацыяльнай справядлівасці", дык і стаўленне да ўсіх павінна быць роўнае, незалежна ад пасады і статусу", — напісала яна.

Раней Эльвіру Мірсалісмаву і яе аднадумца Мікалая Петрушэнку таксама судзілі за "распаўсюд экстрэмізму". Абое абураліся, што іх судзяць па тым жа абвінавачанні, што і "змагароў", хаця яны не з’яўляюцца прыхільнікамі "апазіцыі", а таму разлічваюць на больш лаяльнае стаўленне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.