З 23 траўня адновяць скразны рух па вуліцы Варанянскага ў Мінску

З 23 траўня аднаўляецца скразны рух па вуліцы Варанянскага ў Мінску для ўсіх відаў транспарту. Па сваіх пастаянных маршрутах пойдуць аўтобусы №10, 163 — ад канцавога пункта “Варанянскага”, аўтобус №93 — з боку прыпынка “Аэрапорт “Мінск-1” — па вуліцы Чкалава, Варанянскага, Валадзько і далей па маршруце.

Аўтобусы маршрута №198Э зноў будуць спыняцца на пункце “Радзішчава” ў абодвух кірунках, інфармуе агенцтва “Мінск-Навіны”.

З 1 красавіка  на два месяцы закрылі скразны рух аўтобусаў па вуліцы Варанянскага ў сувязі з працамі па пераносе інжынерных сетак у раёне будоўлі станцыі 3-й лініі метро “Кавальская Слабада”. Працы завяршаюцца раней, чым было запланавана.

У канцы красавіка памочнік прэзідэнта і галоўны інспектар па горадзе Мінску Аляксандр Якабсон заявіў, што працы на гэтым участку будаўніцтва метро павінныя весціўся ў кругласуткавым рэжыме. Ён падкрэсліў, што працы вяліся недапушчальна марудна, а між тым закрыццё руху стварыла пэўныя нязручнасці для жыхароў і гасцей сталіцы.

Фота: TUT.by