Ён камусьці з міліцыі ўмазаў, і яго цюкнулі — калега загінулага выкладчыка БНТУ

Міхаіл Шчукін

Міхаіл Шчукін / фота з яго старонкі "Вконтакте"

Калега загінулага выкладчыка БНТУ Міхаіла Шчукіна расказаў журналістам сваю версію падзей. Яна істотна адрозніваецца ад афіцыйнай.

47-гадовы Міхаіл Шчукін быў загадчыкам кафедры вышэйшай матэматыкі факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Нядаўна яго звольнілі. 29 траўня ён спрабаваў трапіць ва ўніверсітэт, яму перашкаджала ахова і міліцыя. Пасля пагоні па ўніверсітэцкім дворыку Шчукін памёр. Афіцыйнай версіяй смерці ў БНТУ назвалі сардэчны прыступ. У міліцыі заявілі, што мужчына нанёс некалькі ўдараў міліцыянтам, і ніяк не пракаментавалі яго смерць. Праўладныя крыніцы паведамілі, што Шышкін заляцаўся да студэнтак, за гэта яго звольнілі.

У каментары "Нашай Ніве" выкладчык БНТУ расказаў, што Шчукіна нядаўна кінула жонка. Мужчына быў у дэпрэсіі і прапускаў заняткі.

"Ад яго жонка сышла і з'ехала з дзецьмі, у яго была дэпрэсія. Ён стаў злы, шукаў там нейкую студэнтку — ці то гатаваць, ці што яму. Магу сказаць дакладна, што за заляцанні да студэнтак у БНТУ не звальняюць: там такога шмат. Шчукіну відавочна была патрэбная псіхалагічная дапамога, але звольнілі яго за прагулы. Не за тое, што ён студэнткам пісаў", — падкрэсліў яго калега.

У Шчукіна больш за 30 друкаваных навуковых і навучальна-метадычныя работ, ён адказваў за арганізацыю навукова-даследчай працы са студэнтамі. Таксама ён працаваў рэпетытарам: яго сярэдні рэйтынг на прафесійным сайце складае 4,69 паводле пяцібальнай шкалы.

Суразмоўца НН кажа, што Шчукін трапіў на факультэт без пропуску і хацеў пагаварыць з кіраўніцтвам, каб яго аднавілі на працы. Аднак да яго ніхто з кіраўніцтва не выйшаў — з гэтага разгарэўся канфлікт.

Таксама выкладчык БНТУ пацвярджае, што ў Шчукіна была бойка з міліыцянтамі. "Ён камусьці з іх умазаў, ну і яго цюкнулі", — пераказвае ён журналістам версію, якая гуляе па ўніверсітэце. Пры гэтым ён сцвярджае, што смерць Шчукіна была гвалтоўнай і гэта не быў сардэчны прыступ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.