Нанёс некалькі ўдараў супрацоўніку міліцыі — афіцыйны каментар пра смерць у БНТУ

Пагоня за выкладчыкам БНТУ / сацсеткі
ГУУС Мінгарвыканкама пракаментавала інцыдэнт у БНТУ.
Як паведамлялася раней, 28 траўня міліцыя ганялася каля аднаго з карпусоў за былым выкладчыкам універсітэта. Пасля гэтага мужчына памёр. У БНТУ заявілі, што смерць наступіла ад сардэчнага прыступу.
У мінскай міліцыі заявілі, што іх выклікалі ва ўніверсітэт для дапамогі: былы выкладчык спрабаваў незаконна трапіць на тэрыторыю навучальнай установы.
"Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбылі на месца, прапанавалі 47-гадоваму мужчыну прайсці ў раённае ўпраўленне для разбору, аднак той аказаў супраціў і паспрабаваў уцячы. Пры затрыманні мінчук нанёс некалькі ўдараў супрацоўніку міліцыі", — заявілі ў міліцыі. Пра смерць мужчыны яны не згадалі.
Тым часам у дзяржаўных тг-каналах з'явілася прозвішча памерлага выкладчыка — Шчукін. Паведамляецца, што яго звольнілі пасля таго, як ён дамагаўся студэнтак, пісаў ім у асабістыя паведамленні, прапаноўваў нейкую працу. Тым не менш і пасля звальнення выкладчык працягваў прыходзіць у ВНУ. Падчас аднаго з такіх візітаў нібыта ў яго адбыўся канфлікт з адной студэнткай. Калі выклікалі службу бяспекі, былы выкладчык спрабаваў уцячы.
Таксама гаворыцца, што экс-выкладчык быў нязгодны з звальненнем. Цягам тыдня ці двух ён спрабаваў трапіць ва ўніверсітэт і патрабаваў, каб яму далі магчымасць праводзіць заняткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.