Яшчэ шэсць чалавек атрымалі статус палітвязняў

Яшчэ шэсць чалавек атрымалі статус палітвязняў

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек. Агульная колькасць палітвязняў у краіне павялічылася да 285 чалавек.

Як паведамляецца на праваабарончым сайце "Вясна", гэта адбылося "ў сувязі з інфармацыяй аб узяцці пад варту і прад’яўленні абвінавачванняў па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") Кіры Баярэнка, Вользе Глушань і па ч.2 арт. 293 КК ("Масавыя беспарадкі) Валерыю Мельнічуку, Івану Дацышыну, а таксама аб вынясенні судом Маскоўскага раёна г. Брэста прысудаў аб пазбаўленні волі на тры гады па ч.2 арт. 293 КК у дачыненні да непаўналетніх Дзяніса Хазея і Сяргея Гацкевіча".

Праваабаронцы нагадваюць, што стыхійныя мітынгі былі выкліканыя недаверам да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Дзеянні сілавікоў супраць дэманстрантаў яны ацэньваюць яны ацэньваюць як "непрапарцыйнае прымяненне фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі".

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць згаданых палітвязняў і спыніць іх крымінальны пераслед. Таксама яны заклікаюць вызваліць усіх палітвязняў і людзей, затрыманых за ўдзел у мірных сходах, і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр “Вясна” (зачынены ўладамі), цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, простае таварыства "Ініцыятыва FORB", РПГА "Беларускі Хельсінкскі камітэт", Беларускі ПЭН-цэнтр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.