Двух магілёўцаў асудзілі за згвалтаванне і забойства 25-гадовай даўніны

Медыцынская экспертыза, ілюстрацыйнае фота

Медыцынская экспертыза, ілюстрацыйнае фота / sudexpert.gov.by

Двух жыхароў Магілёва прызналі вінаватымі ў жорсткім забойстве, згвалтаванні і разбоі, учыненых у чэрвені 2000 года. Абвінаваўчы прысуд вынесла калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда, паведамілі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.

Цела 28-гадовай дзяўчыны знайшлі 25 гадоў таму без адзення з прыкметамі гвалтоўнай смерці і згвалтавання. Следчыя выявілі, што ў дзень сваёй гібелі яна вярталася ўначы дадому ад сяброўкі, але да сваёй кватэры так і не дабралася.

Раскрыць злачынства не маглі доўгі час. Толькі ў 2024 годзе сучасныя генетычныя тэхналогіі дазволілі экспертам выявіць асобу аднаго з датычных. А праз яго выйшлі і на другога фігуранта справы.

На момант злачынства магілёўцам было 22 і 25 гадоў. У ноч злачынства, па версіі следства, яны напалі на дзяўчыну, абрабавалі, збілі і згвалтавалі яе. А потым, каб схаваць сляды злачынства, дзяўчыну забілі.

Суд прызначыў кожнаму з іх па 25 гадоў пазбаўлення волі: першыя 5 гадоў — у турме, астатнія 20 — у калоніі строгага рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.