Выкрадальнік тэлефонаў з мінскага начнога клуба прыйшоў з павіннай
Ён убачыў навіну пра сябе ў інтэрнэце і вырашыў здацца добраахвотна.
Выкрадальнік дарагіх сотавых тэлефонаў з мінскага сталічнага клуба, які выпадкова трапіў у аб’ектыў фотакамеры, прыйшоў у міліцыю з павіннай. У аддзяленні ён распавёў, што ўбачыў сябе ў інтэрнэце і вырашыў добраахвотна здацца.
Дарэчы, крыху пазней ў праваахоўныя органы паступіў званок ад мужчыны, які паведаміў, што пазнаў маладога чалавека і хоча дапамагчы ў пошуках, інфармуе “Мінск-Навіны”.
Навіна пра легкадумнага злодзея, які скраў два тэлефоны агульным коштам больш за 13 мільёнаў рублёў і пры гэтым ухітрыўся пакінуць міліцыі “фота на памяць”, з’явілася ў сераду. Малады чалавек адпачываў у адным са сталічных начных клубаў і вырашыў прысабечыць дарагія гаджэты, якія пакінула на сваім століку адна з наведніц.
Момант здзяйснення злачынства зафіксавалі камеры відэаназірання. Да таго ж аматар чужых тэлефонаў трапіў у аб’ектыў прафесійнага фатографа, які ў той вечар працаваў у клубе.
Цяпер у дачыненні маладога чалавека праводзіцца праверка, пасля чаго яго дзеянням дадуць прававую ацэнку.