Выбухі ў Данецку і абстрэл Харкава — 180-я раніца вайны ва Украіне
Пад абстрэл расіян трапіла школа ў Данецкай вобласці / @pavlokyrylenko_donoda
Украінскія СМІ і мясцовыя паблікі пішуць пра выбухі у Данецку (знаходзіцца пад кантролем расіян). УНІАН са спасылкай на відавочцаў піша, што дэтануе склад расійскіх боепрыпасаў. Канал "Типичный Донецк" паведамляе аб пажары ў раёне гіпермаркета "Ашан".
"Выпушчана 10 снарадаў калібрам 155 мм", — такая інфармацыя з'явілася ў пабліку "ЧП Донецк".
Тым часам расіяне ноччу абстралялі Мікалаеў і Харкаў. "Наш вораг з боку Белгарада абстраляў інфраструктурны аб'ект. Разбурана двухпавярховы будынак", — піша мэр Харкава Ігар Церахаў. Па яго словах, быў невялікі пажар, інфармацыі аб пацярпелых няма.
Пацярпелыя ёсць у Днепрапятроўскай вобласці. Тут таксама ноччу стралялі. "Расійская армія нанесла ўдары па трох раёнах — Нікапальскім, Крыварожскім і Сінельнікаўскім. Нікапаль абстралялі з "Градаў" і ствольнай артылерыі тройчы за ноч. У жылыя кварталы прыляцелі 42 расійскія снарады", — паведамляе раніцай кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Па папярэдніх дадзеных, раненні атрымалі чацвёра жыхароў Нікапаля, двое дастаўленыя ў бальніцу.
У выніку абстрэлаў пашкоджаныя дзіцячы сад, крамы, аптэкі, рынкі, суд і аўтавакзал.
Расіяне сканцэнтраваныя "на ўстанаўленні поўнага кантролю над тэрыторыямі Луганскай і Данецкай абласцей", гаворыцца ў ранішняй зводцы Генеральнага штаба Узброеных Сіл Украіны. Таксама яны спрабуюць утрымаць захопленыя раёны Херсонскай і часткі Харкаўскай, Запарожскай і Мікалаеўскай абласцей, аднавіць баяздольнасць падраздзяленняў, якія панеслі страты, а таксама не дапусціць магчымага контрнаступлення УСУ.
"Імпульс расійскіх войскаў ад тэрытарыяльных заваёў вакол Бахмута і Аўдзееўкі ў канцы ліпеня, верагодна, вычарпаны, і расійскія атакі на ўсходзе Украіны, верагодна, дасягаюць кульмінацыі. Хоць вельмі нязначныя поспехі Расіі, верагодна, працягнуцца", — так ацэньваюць сітуацыю эксперты амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.
У свежай справаздачы гаворыцца, што расійскія войскі напярэдадні распачалі некалькі няўдалых наземных нападаў на паўднёвым захадзе і паўднёвым усходзе ад Ізюма, атакавалі на паўднёвым усходзе ад Северска і на паўночным усходзе і поўдні ад Бахмута. Дамагліся абмежаваных поспехаў на захадзе ад Данецка. Адначасова расіяне працягвалі атакаваць населеныя пункты на паўночным і паўднёвым захадзе ад Аўдзееўкі. Таксама расійскія войскі правялі некалькі наступаў на лініі фронту Херсон-Мікалаеў і часткова прасунуліся на ўсход ад горада Мікалаева.
Аналітыкі Інстытута вывучэння вайны таксама адзначаюць, што ў расіян праз санкцыі, імаверна, узніклі праблемы з рамонтам баявых самалётаў. Вырашыць гэтую праблему ім, мяркуючы па ўсім, дапамагаюць беларусы. Эксперты спасылаюцца на дадзеныя Упраўлення ваеннай выведкі Украіны Паводле звестак украінскай выведкі, днямі вайсковыя ведамствы РФ і РБ падпісалі "тэрміновыя" кантракты на рамонт і аднаўленне расійскай вайсковай авіяцыйнай тэхнікі на тэрыторыі РБ — як паведамляецца, для далейшага выкарыстання ва Украіне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце казаў пра суд над украінскімі байцамі ў Марыупалі. Калі гэты суд адбудзецца, то ён стане "той лініяй, пасля якой любыя перамовы немагчымыя", падкрэсліў Зяленскі. Нагадаем, раней у СМІ з'явіліся фота клетак, якія мантуюць у гарадской філармоніі. Паведамлялася, што такім чынам акупацыйныя ўлады рыхтуюццы да суда над абаронцамі Украіны.
"Калі гэта гнюснае судзілішча адбудзецца, калі нашых людзей у парушэнне ўсіх дамоўленасцяў, міжнародных правілаў завядуць у гэтыя дэкарацыі... Гэта будзе той лініяй, пасля якой любыя перамовы немагчымыя. Расія сама сябе адрэжа ад перамоваў. Не будзе больш размоў. Наша дзяржава ўсё сказала", — заявіў Зяленскі.
У пасёлку Гарнастаеўка Кахоўскага раёна расіяне знеслі стэлу "Украіна адзіная" (манумент стаяў у цэнтры населенага пункта), а на яе месцы ўсталявалі бюст Леніна. Пра гэта паведамляюць у Херсонскай абласной адміністрацыі. Там таксама распавялі, што расіяне ўзмацняюць фільтрацыйныя мерапрыемствы ў вобласці напярэдадні Дня Незалежнасці Украіны — праводзяць ператрусы і праверкі, шукаюць зброю і правяраюць тэлефоны і кампутары на прадмет зносін з СБУ або УСУ. Як адзначылі ў абласной адміністрацыі, сітуацыя ў рэгіёне застаецца цяжкай, працягваюцца актыўныя баявыя дзеянні.
Турысты ў акупаваным Крыме сфатаграфаваліся на фоне сістэм супрацьпаветранай абароны С-400 пад Еўпаторыяй і, такім чынам, выдалі іх месцазнаходжанне. Тэхніка была размешчана недалёка ад пляжаў. Пра гэта піша расійская служба "Радыё Свабода". Напярэдадні ўлады Севастопаля дакладвалі, што расійскія сістэмы СПА "адпрацавалі чарговыя аб'екты" на падыходах да вайсковага аэрадрома Бельбек з боку Еўпаторыі.