Вярхоўны суд: у выкліку ў суд праз СМС няма нічога дзіўнага

Вярхоўны суд пракаментаваў сітуацыю з выклікам у брэсцкі суд праз СМС незалежнай журналісткі Тамары Шчапёткінай. Як паведамляла Еўрарадыё, жыхарку Бярозы абвінавачваюць у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі. Паводле слоў Шчапёткінай, яна атрымала паведамленне пра неабходнасць прыехаць раніцай у Брэст у суд напярэдадні ўвечары. Але патрапіць на разгляд ўласнай справы у журналісткі не атрымалася, хоць і прыехала яна своечасова. Яна не змагла даведацца і пра судовае рашэнне.

Прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова кажа, што "заканадаўства дазваляе выкарыстоўваць СМС у якасці абумоўленай законам позвы ў суд". "Гэта сапраўды лічыцца нейкім ноў-хаў, аднак на працягу апошніх 6-7 гадоў СМС шырока выкарыстоўваецца судамі для таго, каб знізіць выдаткі на паштовыя перасылкі. Таму праз СМС выклікаюцца ў суд не толькі незалежныя журналісты...", — кажа Ляскова.

Дарэчы, Тамара Шчапёткіна на дзеянні супрацоўнікаў Ленінскага суда Брэста напісала скаргу.