Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Бабарыкі на нерэгістрацыю кандыдатам

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Бабарыкі на нерэгістрацыю кандыдатам

Вярхоўны суд адмовіўся разглядаць скаргу Віктара Бабарыкі на рашэнне ЦВК аб яго нерэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты. Пра гэта гаворыцца ў вызначэнні, апублікаваным на сайце Вярхоўнага суда. 

Рашэнне аб нерэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы Цэнтральная выбарчая камісія прыняла 14 ліпеня. 16 ліпеня ў прэс-служба Вярхоўнага суда заявілі, што скаргаў з боку гэтых прэтэндэнтаў няма. Пазней, аднак, выявілася, што скарга ад Цапкалы была: суд яе разгледзеў і адхіліў. 

Скаргу ад імя Бабарыкі падаваў юрыст яго штаба Максім Знак, які меў даверанасць на падпісанне ўсіх скаргаў і звароту ў Вярхоўны суд. Але суд вырашыў, што патрэбная заява з подпісам самога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду. Адвакаты наведалі яго ў СІЗА КДБ, каб Бабарыка асабіста падпісаў дакументы. Яны былі адпраўленыя ў суд 17 ліпеня спецсувяззю КДБ.

У вызначэнні Вярхоўнага суда падкрэсліваецца, што ў Выбарчым кодэксе на абскарджванне рашэння ЦВК аб нерэгістрацыі прэтэндэнт мае тры дні з дня прыняцця рашэння.

"Такім чынам, матэрыяльным законам вызначаны тэрмін для рэалізацыі права на абскарджанне прынятай Цэнтральнай камісіяй пастановы і парадак яго вылічэння. Гэты тэрмін з'яўляецца прасякальным і аднаўленню не падлягае.

З пададзеных матэрыялаў бачна, што скаргі Бабарыка В. Д. на пастанову Цэнтральнай камісіі ад 14 ліпеня 2020 года падпісаныя заяўнікам 17 ліпеня 2020 года і ў той жа дзень накіраваныя ў Вярхоўны Суд, што сведчыць аб пропуску Бабарыка В. Д. вызначанага ч.5 арт. 68-1 Выбарчага кодэкса тэрміну", — гаворыцца ў рашэнні.

На падставе гэтага Вярхоўны суд адмовіўся пачынаць грамадзянскую спарву па скарзе Віктара Бабарыкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.