Вячорка: праблемы беларусаў ва Украіне вырашаюцца хаатычна
Размова з Франакам Вячоркам / Еўрарадыё
На палях 4-га Форума Астрожскіх, які праходзіць у Кіеве, Еўрарадыё паразмаўляла з дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркай. Мы спыталі яго пра праблемы беларусаў ва Украіне, адносіны з уладамі краіны, стаўленне іх да Беларусі і вызваленне беларускіх палітвязняў.
— Сёлета праводзіцца чацвёрты форум аб супрацы беларускіх і украінскіх сілаў ва ўмовах агрэсіі ва Украіне. Але пакуль не асабліва бачна, што асноўныя праблемы — легалізацыя беларусаў ва Украіне, медычная дапамога былым добраахвотнікам — набліжаюцца да вырашэння. У чым для цябе пазітыўны бок гэтай падзеі?
— Калі казаць пра Форум, то атмасфера стала лепшай і людзей стала болей.
Беларуская прастора, тусоўка палітычная і экспертная, ужо сфармавана. У першыя гады форуму гэта было хутчэй складанне, але зараз можна канстатаваць, што яно цалкам завяршылася.
Узровень таксама трошкі выйшэйшы — нарэшце прысутнічаюць з украінскага боку прадстаўнікі дзяржструктур. У Вярхоўнай радзе ёсць выразная прабеларуская група нардэпаў — і са “Слугі народа”, і з апазіцыі кажуць адным голасам. Паглядзім, у што гэта выльецца па выніку двух дзён падзеі.
Таксама важна, што амаль не гучыць наіўных меркаванняў наконт Беларусі і дэмсілаў, тыпу вы павінны зрабіць, напісаць, аб’яднацца.
— Але ўсё ж такі такое кажуць.
— Так, але гэта адзінкавыя меркаванні. У папярэднія гады такога наіўнага, нерэалістычнага падыходу, непаразумення было вельмі шмат з абодвух бакоў.
Зараз гэтага няма, усё выглядае цвяроза і рэалістычна. Для мяне асабіста вельмі раскрыўся былы пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Бачна, што ў яго ёсць экспертыза для рашэння праблем. Адзінае, што гэтая экспертыза не мае палітычнай волі, каб даць свае плады.
Было правільна сказана — калі будзе палітычная воля з Офісу Зяленскага, падтрымка з боку Вярхоўнай рады, то ўсе праблемы і палітычныя, гуманітарныя прапановы можна будзе вырашаць.