Дэпутат ад “Слугі народа”: не дапамагайце Украіне — дапамажыце спярша самі сабе
Алег Дунда другі справа, з мікрафонам / Euroradio
Падчас IV Форума Астрожскіх, які праходзіць у Кіеве, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны ад “Слугі народа” Алег Дунда рэзка выказаўся наконт беларускіх дэмакратычных сілаў. На яго думку, перш, чым дапамагаць украінскім Узброеным сілам у вайне з Расіяй, беларусы мусілі паклапаціцца пра сябе.
“Ніхто не падтрымаў бы Украіну ў лютым 2022 года, калі б украінцы не сталі бараніць сябе самі, — разважае Дунда. — Таму самая лепшая дапамога Украіне з боку беларусаў была б, калі б яны змагаліся за ўладу ў Беларусі.
А калі беларуская дэмакратычная апазіцыя не гатовая вызваляць краіну крывёю, значыць, апазіцыйныя структуры існуюць проста для саміх сябе”.
Пазней Дунда падкрэсліў, што гэта яго асабістае меркаванне, і што ён на форуме не прадстаўляе ўкраінскія ўлады ці фракцыю ВР “Слуга народа”.
Дэпутату адказаў колішні амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Ён адзначыў, што “нават калі беларуская дыяспара дала амуніцыю і зброю хаця б аднаму ваяру на ўкраінскім фронце — гэта добра”.
Дыпламата падтрымала актывістка Аліна Герашчанка. Яна нагадала, што Кіеў пасля 2020 года працягваў гандляваць з афіцыйным Мінскам на мільярды долараў, тым самым спансуючы рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і знішчэнне грамадзянскай супольнасці.
Дунда адказаў, што ЗША дагэтуль працягвае гандляваць з Расіяй. І дадаў, што беларусам не трэба шукаць апраўданні ў дзеяннях іншых. А трэба звярнуць увагу на тое, што яны самі робяць для вызвалення сваёй краіны ад дыктатуры і вываду з зоны ўплыву Расіі.
Таксама ўкраінскаму нардэпу запярэчыў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па Канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька. “Калі б у Беларусі ў 2020 годзе не было змагання — не было б цяпер у Трампа працы па вызваленні беларускіх палітвязняў”, — адзначыў палітык.