Разменная манета? Беларускі добраахвотнік адказаў на балючае меркаванне
“Я не разлічваю ні на якія грошы. Я не разлічваў нават, што буду жыць”
Падчас 4-га Форуму Астрожскіх прагучала меркаванне, што беларускія добраахвотнікі для Украіны — гэта “разменная манета, таннае мяса”. Яно было агучана на панэлі "Reality check. Адносіны краіны з Беларуссю".
Еўрарадыё спытала ў былога добраахвотніка Аляксандра Наўковіча, ці мае спікер рацыю.
— Мае месца быць тое, што ён [эксперт, — Еўрарадыё] сказаў. Чаму? У яго кола кантактаў уваходзяць людзі ў такой сітуацыі. Насамрэч, пакуль ты карысны Украіне, можаш трымаць зброю, ваяваць, ты будзеш забяспечаны: заробак, сацыяльны пакет, лекаванне. Але я сам чуў, што хлопцы не атрымліваюць грошы за паранення і г.д.
Зараз я выказваю сваю думку. Я прыехаў ва Украіну на вайну перш за ўсё, што адчуваю велізарны сорам і віну. Мая краіна акупавана, я так лічу, хоць гэта і гучная заява. З тэрыторыі Беларусі ляцяць ракеты, едуць танкі, якія забіваюць украінцаў.
Весці барацьбу ў Беларусі я не магу. Я прыехаў ва Украіну, каб змыць гэты сорам, перастаць адчуваць гэтую віну.
Я гатовы весці вайну на ўмовах Украіны.
Што мне для гэтага трэба? Толькі зброя. Я не разлічваю ні на якія грошы. Я не разлічваў нават, што буду жыць. 24 лютага пачынаецца вайна — мы ўсе ў ах*е, прабачце. 25 лютага я ўжо на мяжы Польшчы і Украіны.