Венедыктаў перад інтэрв'ю з Лукашэнкам: "Я пра Колю хачу спытаць"

Венедыктаў перад інтэрв'ю з Лукашэнкам: "Я пра Колю хачу спытаць"

24 снежня Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца ў Мінску з галоўным рэдактарам радыёстанцыі "Эхо Москвы" Аляксеем Венедыктавым. Інтэрв'ю было запланаванае яшчэ на 6 снежня, але яго перанеслі з-за сустрэчы беларускага кіраўніка з Уладзімірам Пуціным у Сочы.

Венедыктава чакаюць у Лукашэнкі ў аўторак у 10:30. "А далей як пойдзе", — кажа ён у каментары тэлеканалу АНТ. Галоўны рэдактар "Эхо Москвы" збіраў пытанні да беларускага кіраўніка ў сваіх сацсетках, і іх ужо амаль дзве тысячы. Пытанні дасылалі людзі з усяго свету, якіх цікавіць тое, што адбываецца паміж Беларуссю і Расіяй.

"Я пра Колю [Лукашэнку] хачу спытаць, — кажа Аляксей Венедыктаў. — Майму сыну 19 гадоў. Калі яму было 14-ць, я праходзіў напэўна самы складаны этап свайго жыцця з ім. Мне вось цікава, як гэты хлопчык, які расце пад пражэктарамі, які ён аказвае псіхалагічны ўплыў на прэзідэнта".

Венедыктаў падкрэслівае, што яму гэта цікава найперш як бацьку, а не журналісту. І ён гатовы "падзяліцца сваім досведам" з Аляксандрам Лукашэнкам.

Асноўны блок пытанняў будзе датычыць эканамічнай і палітычнай інтэграцыі Беларусі і Расіі. Напярэдадні стала вядома, што Масква патрабуе ад Мінска стварэнне наднацыянальных органаў, увядзення адзінай валюты і заснавання адзінага эмісійнага цэнтру.

У панядзелак Аляксей Венедыктаў быў на прыёме ў расійскім пасольстве ў Мінску. У Instagram ён выклаў некалькі здымкаў. На адным з іх журналіст разам з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Таксама Венедыктаў зрабіў фота партрэта былога пасла Міхаіла Бабіча, у якога не склаліся адносіны з беларускім кіраўніцтвам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.