Вельмі хутка бедным краінам будзе патрэбны трыльён долараў праз змены клімату
Клімат / unsplash
Да 2030 года бедным краінам спатрэбіцца 1 трлн долараў на год на барацьбу з наступствамі зменаў клімату, піша The Guardian са спасылкай на даследаванне эканамістаў.
Цяпер у азербайджанскім Баку праходзіць найважнейшая кліматычная канферэнцыя. Урады амаль 200 краін вядуць напружаныя перамовы пра тое, якое фінансаванне павінныя даць багатыя краіны бедным і колькі грошай можа паступіць з іншых крыніц. Фінансаванне, пра якое ідзе гаворка, мае дапамагчы бедным краінам справіцца з экстрэмальнымі ўмовамі, якія выклікае змяненне клімату.
Тэарэтычна багатыя краіны маглі пагадзіцца даць бедным такое фінансаванне памерам 1 трыльён долараў да 2035 года. Але даследаванне эканамістаў паказвае, што грошы могуць спатрэбіцца на 5 гадоў раней. І пакуль незразумела, ці пагодзяцца краіны наогул іх вылучыць.
Адкуль узялася лічба ў 1 трыльён долараў? З папярэдняга даследавання высокапастаўленай групы эканамістаў. У 2022 годзе група прыйшла да высновы, што бедным краінам трэба каля 2,4 трлн долараў ЗША на год на барацьбу з наступствамі змянення клімату. Палова гэтай сумы можа паступіць з іх унутраных бюджэтаў, але яшчэ хаця б палову трэба падзяліць паміж больш багатымі краінамі.
"Чым даўжэй вы чакаеце, тым даражэй гэта будзе. [$1 трлн да 2030 года] цалкам пад'ёмная сума для багатых краін, але гэта патрабуе рэальных абавязанняў і хуткіх дзеянняў", — сказаў адзін з аўтараў даследавання, брытанскі навуковец-эканаміст Нікалас Стэрн.
Дырэктар аналітычнага цэнтра па пытаннях клімату і энергетыкі Power Shift Africa Махамед Адоу сказаў, што яму радасна бачыць вынікі даследавання эканамістаў. Яны пацвярджаюць, што патрабаванні краін, якія развіваюцца, да багатых краін абгрунтаваныя.