Вайскоўцы ў Германіі не могуць збіваць дроны над тэрыторыяй краіны

Дрон, ілюстрацыйнае фота / iStock/Olena Bartienieva
Нямецкія вайскоўцы пакуль не могуць збіваць дроны над тэрыторыяй краіны. Гэта прызналі ўлады Германіі, піша Bild.
Тым часам апошнімі днямі па ўсёй Германіі фіксуюць палёты дронаў над стратэгічнымі аб'ектамі — ад верфі ў Кілі і нафтаперапрацоўчага завода ў Хайдзі да ваенных аб'ектаў у Ростаку і прадпрыемстваў Airbus. Нярэдка гэта не адзінкавыя беспілотнікі, а цэлыя групы. Сляды некаторых вядуць да карабля пад замежным сцягам у Балтыйскім моры, які рухаўся ў бок Расіі, піша выданне.
Вайскоўцы заяўляюць, што не маюць права збіваць дроны, бо ў Германіі няма паўнавартаснай сістэмы супрацьдроннай абароны. Над населенымі пунктамі весці агонь небяспечна, бо абломкі могуць параніць людзей. Сістэму абароны ад дронаў у ФРГ толькі пачынаюць выбудоўваць. Адзначаецца, што сістэма супрацьпаветранай абароны была расфармаваная яшчэ ў 2010 годзе, таму яе фактычна неабходна ствараць нанова.
"Палёты беспілотнікаў у розных краінах ЕС накіраваныя найперш на стварэнне нявызначанасці і дэстабілізацыю. Як і анлайн-дэзінфармацыя, шпіянаж і спробы сабатажу, яны з'яўляюцца інструментам гібрыднай вайны", — пракаментаваў сітуацыю прэм'ер-міністр зямлі Шлезвіг-Гальштэйн Даніэль Гюнтэр.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.