У Польшчы зафіксавалі павышаную актыўнасць беларускіх дронаў каля мяжы
Польскія вайскоўцы заўважылі дроны, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock
У ноч на 18 верасня польскія памежнікі зафіксавалі павышаную актыўнасць беларускіх і расійскіх дронаў каля сваёй мяжы. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі.
"Сёння ўначы памежнікі зафіксавалі павышаную актыўнасць беларускіх і расійскіх беспілотнікаў, якія спрабавалі перасекчы паветраную прастору Польшчы. Відавочна, што сітуацыя на польска-беларускай мяжы застаецца вельмі напружанай", — перадае RMF 24 яго словы.
Міністр таксама адказаў на пытанне, калі будзе адкрытая мяжа з Беларуссю. Ён нагадаў, што пры закрыцці мяжы было выразна сказана: гэтая мера будзе дзейнічаць не на час правядзення вучэнняў "Захад-2025", а ў сувязі з імі. Адкрыюць мяжу толькі пры ўпэўненасці, што не будзе пагроз ці правакацый у бок Польшчы.
"Калі мы атрымаем ад нашых службаў інфармацыю аб тым, што ўсё становіцца бяспечна, мы адкрыем мяжу", — дадаў Кервіньскі.
Польшча цалкам закрыла мяжу з Беларуссю ў ноч на 12 верасня. Міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі заявіў, што папрасіў Кітай паўплываць на Лукашэнку, каб той спыніў правакацыі на мяжы.