Васілевіч: рэжым хацеў каб святар падкінуў флешку з кампраматам нунцыю

Чырвоны касцёл у Мінску, фота ілюстрацыйнае / turby.by
Асуджанага да 11 год зняволення святара Генрыха Акалатовіча абяцалі выпусціць на волю, калі ён пагодзіцца супрацоўнічаць з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, кажа тэалагіня Наталля Васілевіч, спасылаючыся на палітзняволенага Андрэя Крылова. У абмен ад святара патрабавалі запрасіць у госці нунцыя і падкінуць яму флешку з кампраматам.
“Супрацоўнікі думалі, што тады ў іх з’явіцца кампрамат на нунцыя і рычагі ўплыву на яго. Адпаведна могуць з’явіцца рычагі ўплыву на Ватыкан”, — кажа Васілевіч у размове з Еўрарадыё.
Святар Генрых Акалатовіч перанёс інфаркт, у яго выдалены страўнік праз анкалагічнае захворванне, ён мае патрэбу ў медыцынскім назіранні і пастаянным прыёме лекаў. Ён быў затрыманы ў 2023 годзе, суддзя абвінаваціў яго ў здрадзе дзяржаве і накіраваў у калонію на 11 год. У пачатку красавіка 2025 года святар перадаў паведамленне вернікам. У ім ён казаў, што ніколі не быў нічыім шпіёнам, што ён слуга Бога, а судзяць не яго, а "ўсю Каталіцкую царкву ў Беларусі".
Васілевіч лічыць, што выступаючы з такімі прапановамі рэжым не толькі шукае рычагі ўплыву на Ватыкан, але і наўмысна стварае атмасферу татальнага недаверу ў рэлігійных супольнасцях. А такая атмасфера разбурае супольнасць знутры.
“І калі святар не вытрымлівае ціску, ён сапраўды можа сказаць нешта, за што на свабодзе будзе сорамна. Ад святара як прадстаўніка хрысціянскай царквы больш чаканняў [чым ад звычайных людзей, — Еўрарадыё]. І чакаецца, што ён не павінны ісці на падпісанне такіх папераў, на сведчанне супраць бліжняга”, — кажа Васілевіч.
Яна скептычна ставіцца да здольнасці рэжыма Лукашэнкі “паставіць сабе на службу ўвесь Ватыкан”.
“Пакуль ні ў каго такога не атрымлівалася”, — кажа тэалагіня.
Яна нагадвае, што Ватыкан мае шмат спосабаў атрымаць інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, і апостальскі нунцый — не адзіная крыніца. Ёсць нунцыі і ў іншых краінах, праз якіх інфармацыю Ватыкану можа перадаваць дэмакратычны рух. Таксама ў Ватыкана ёсць дэпартаменты, якія вывучаюць сітуацыі ў розных частках свету.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.