Васіль Мацюшэўскі сышоў з банка "БелВЭБ"
Васіль Мацюшэўскі / Фота з сацсетак
Васіль Мацюшэўскі пакінуў пасаду кіраўніка банка "БелВЭБ". Пра гэта паведамляе адна з найстарэйшых беларускіх газет. Супрацоўнікі банка атрымалі ў аўторак на пошту развітальны ліст ад Мацюшэўскага.
Банкір піша, што заканчвае працу ў банку і "шчыра ўдзячны ўсім работнікам нашага дружнага калектыву за сумесную дзейнасць".
Прозвішча Мацюшэўскага знікла і з сайта фінансавай установы. Там гаворыцца, што абавязкі кіраўніка праўлення цяпер выконвае Тарас Надольны.
Журналістам пакуль не ўдалося высветліць, хто быў ініцыятарам змены кіраўніцтва ў банку і ці сышоў Мацюшэўскі на сваё жаданне.
Нагадаем, у канцы сакавіка сілавікі затрымалі ўсё кіраўніцтва банка — восем чалавек. Сярод затрыманых былі і сам Мацюшэўскі, і яго першы намеснік Тарас Надольны, намеснікі Анатоль Барысевіч, Віктар Перапяліца і Дзмітрый Ляўданскі, чалец праўлення Анатоль Паўловіч і дырэктар па развіцці банка Аляксей Мазжухін.
Прычына затрымання так і засталася невядомая, афіцыйных каментароў на гэтую тэму дасюль няма. Аднак пазней Мацюшэўскага вызвалілі. Крыніцы найстарэйшай беларускай газеты тады казалі, што яго адпусцілі "аператыўна знайсці сродкі для "кампенсацыі шкоды".