Варшаўская "Легія" звольніла галоўнага трэнера. Чакаць беларуса на мосціку?

Партугальца можа змяніць беларус? / legia.com
Варшаўская "Легія" спыніла супрацоўніцтва з галоўным трэнерам клуба Гансалу Фейю, паведамляе прэс-служба каманды.
— Дзякуем Гансалу Фейю за некалькі месяцаў працы, гістарычны выхад у чвэрцьфінал Лігі канферэнцый УЕФА і перамогу ў 21-м у гісторыі клуба Кубку Польшчы. Мы цэнім уклад трэнера ў развіццё каманды і жадаем яму поспехаў у далейшай трэнерскай кар'еры.
Адначасова паведамляем пра спыненне супрацоўніцтва. Гонсалу Фейю не будзе ўзначальваць варшаўскую "Легію" ў наступным сезоне. У бліжэйшыя дні мы падзелімся далейшай інфармацыяй, — паведамілі ў клубе.
У апошнім туры Экстракласы на хатняй арэне пры аншлагу "Легія" не змагла перамагчы "Сталь", якая па выніках чэмпіянату апускаецца ў Першую лігу польскага футбола.
Пасля матча трэнер стаяў асобна ад каманды, якая ўшаноўвала гульцоў, што завяршылі кар'еру ў клубе, і дзякавала фанатам.
На матчы фанаты вывесілі вялікі банер насупраць VIP-ложы і трэнерскага мосціка, у якім выказаліся негатыўна пра дзейнасць кіраўнікоў "Легіі", заклікалі будаваць чэмпіёнскую каманду і спыніць "фінансаванне лайна".

Нагадаем, "Легія" завяршыла сезон на 5-м месцы ў польскай Экстраклясе і заваявала пуцёўку ў кваліфікацыю Лігі Еўропы дзякуючы перамозе ў Кубку Польшчы.
Раней паведамлялася, што клуб можа ўзначаліць беларус Аляксей Шпілеўскі.
За "Легію" выступае беларускі нападнік Ілля Шкурын.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.