Валянцін Елізар'еў пакінуў пасаду мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра
Валянцін Елізар'еў / planetabelarus.by
Сваю пасаду пакінуў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра оперы і балета Валянцін Елізар'еў. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
"Сёння я пакінуў пасаду мастацкага кіраўніка Вялікага тэатра Беларусі, у якім я працаваў з 1973 года. З гэтым тэатрам звязаныя мае самыя вялікія творчыя ўзлёты і перамогі. Я ўдзячны лёсу, што мне выпала такое шчасце стаяць разам з вамі ля вытокаў адраджэння Вялікага тэатра", — піша легендарны балетмайстар.
Ён падзякаваў супрацоўнікам тэатра і выказаў "асаблівую любоў і падзяку" гледачам.
"Асаблівая падзяка ад мяне — маёй краіне і кіраўніку нашай краіны! Дзякуй Вам за шчасце многія гады тварыць на гэтай сцэне і магчымасць рэалізавацца тут як мастаку", — дадаў ён.
Валянцін Елізар'еў нарадзіўся ў 1947 годзе ў Баку. Галоўным балетмайстрам Беларускага акадэмічнага тэатра оперы і балета ён стаў у 1973-м, калі яму было 26 гадоў. Пазней ён быў дырэктарам — мастацкім кіраўніком балетнай трупы.
Дзякуючы працы Елізар'ева беларускі балет праславіўся ва ўсім свеце. Вялікай папулярнасцю карысталіся яго пастаноўкі "Кармэн-сюіта", "Спартак", "Стварэнне свету", "Рамэа і Джульета". У 1996 годзе Елізар'еў атрымаў званне "Найлепшы харэограф года" і прэмію Benois de la Danse ад Міжнароднай асацыяцыі танца — за харэаграфію балета "Страсці (Рагнеда)".
У 2009 годзе харэограф пакінуў Вялікі тэатр, бо пасля рэканструкцыі яму прапанавалі толькі стаўку галоўнага балетмайстра. Сам ён спадзяваўся на пасаду дырэктара і прапанову расцаніў як крыўду. Вярнуўся Елізар'еў у тэатр у 2018 годзе на пасаду мастацкага кіраўніка. Пасля падзей 2020 года пры ягоным кіраўніцтве былі звольненыя дзясяткі супрацоўнікаў тэатра, але маэстра ніяк не рэагаваў на гэтыя працэсы.