Ваенныя ў Беларусі хацелі забіць Лукашэнку — Зянковіч

Пуля

Пра гэта палітвязень распавёў падчас прэс-канферэнцыі / pixabay.com

У 2022–2023 гадах некалькі беларускіх ваенных рыхтавалі замах на Аляксандра Лукашэнку. Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў палітвязень Юрый Зянковіч, вызвалены па дамоўленасці з ЗША. Яго словы цытуе “Зеркало”.

— Паводле маёй інфармацыі, у Беларусі сапраўды была спроба ваеннага перавароту, — сказаў ён. — Па гэтай справе — аб спробе ваеннага перавароту, а канкрэтна — аб замаху на Аляксандра Лукашэнку — была арыштаваная група афіцэраў пятага атраду [спецназа] з Мар’інай Горкі. У цяперашні час яны асуджаныя на розныя тэрміны зняволення. Настолькі я ведаю, ад 15 да 20 гадоў. Імёны іх невядомыя, але інфармацыя дастаткова правераная. І ў гэтым выпадку я гатовы адказваць за свае словы — такая спроба сапраўды была прыкладна ў 2022–2023 гадах.

Зянковіч даведаўся пра гэтую справу ад сукамернікаў у СІЗА КДБ, якія раней утрымліваліся разам з гэтымі сілавікамі. Ён кажа, што не змог запісаць іх прозвішчы. Па яго словах, гаворка ідзе прынамсі пра трох афіцэраў спецназа з Мар’інай Горкі, якія былі затрыманыя і асуджаныя.

— Яны падвяргаліся, у тым ліку, фізічнаму гвалту падчас утрымання ў турме. Людзі бачылі, што яны былі сур’ёзна збітыя, — перадаў Зянковіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.