Для мяне рыхтавалі ролю, якую пазней адыграў Пратасевіч — палітвязень Зянковіч

Юрась Зянковіч / АНТ
Сілавікі ўгаворвалі Юрася Зянковіча на тую ролю, якую пазней сыграў Раман Пратасевіч. Пра гэта экс-палітвязень расказаў у гутарцы з выданнем "Зеркало".
Зянковіч, якога затрымалі ў красавіку 2021-га, кажа што першы час на яго моцна псіхалагічна ціснулі.
"Мне прапаноўвалі: "Дасі інтэрв'ю — і выйдзеш на волю, у цябе ўсё будзе норм. Запісваем размову — на наступны дзень ты выходзіш. Хочаш — можаш застацца ў Беларусі, хочаш — можаш з’ехаць. Калі застанешся ў Беларусі — пераходзь на наш бок, атрымаеш пасаду, у цябе ўсё будзе добра». Цэлы месяц угаворвалі. Я сказаў, што на гэта не пайду, гэта для мяне непрымальна, і выбіраю сядзець у турме. Пасля затрымання Рамана Пратасевіча гэтыя спробы спыніліся. Мне нават сказалі, што я ўпусціў свой шанец", — згадвае былы палітвязень.
Пасля гэтага Зянковіча сталі ўгаворваць падпісаць дасудовую здзелку. Згодна з беларускім заканадаўствам, чалавек, які падпісаў такую здзелку, атрымлівае меншы тэрмін пакарання — звычайна не больш за дзве траціны ад максімальнага, а ў асобных выпадках — не больш за палову. Палітвязень кажа, што ён на апошнім этапе следства падпісаў такі дакумент.
"Паводле ўмоў "дасудзебкі" я павінен быў прызнаць усё абвінавачванне цалкам, а яго тэкст быў нібыта проста скапіяваны з Закона "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Усё, што адносіцца да экстрэмісцкай дзейнасці, з’явілася ў мяне ў абвінавачванні. Калі непасрэдна ўжо на судзе ішоў допыт і суддзя спытаў, ці прызнаю я віну, я сказаў, што прызнаю ўсё, у тым ліку такія маразматычныя рэчы, як пастаноўка пад пагрозу дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", — расказвае Зянковіч.
Ён кажа, што прызнаў усё, акрамя планаў забойства Лукашэнкі. Гэта здзівіла нават суддзю, які спытаў, ці не абгаворвае ён сябе. Але ўрэшце, канстатуе Зянковіч, гэта ні на што не паўплывала: усе фігуранты справы атрымалі больш-менш роўныя тэрміны — незалежна ад прызнання віны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.